Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

14:28 25.5.2020

«Нашыя пачуцьці мацнейшыя за каранавірус». Першы ў Беларусі пацыент з COVID-19 ажаніўся

У мінулую суботу пабраліся шлюбам студэнт з Ірану Парса і беларуская студэнтка Паліна, піша Tut.by. Парса быў першым у Беларусі, у каго выявілі COVID-19, хваробу таксама знайшлі ў бацькі Паліны. Маладыя хацелі зрабіць вялікае сьвята і запрасіць шмат гасьцей, але праз сытуацыю з пандэміяй каранавірусу гэта давялося перанесьці.

Цяпер Парса і Паліна працягваюць вучыцца дыстанцыйна, пра каранавірус ужо і не ўспамінаюць. Парса кажа, хваробу перанесьлі добра, цяпер зьяўляюцца донарамі плязмы, гэта экспэрымэнтальны спосаб лячэньня, эфэктыўнасьць якога пакуль не даказаная).

14:25 25.5.2020

Лукашэнка заявіў пра зьніжэньне вірулентнасьці каранавірусу: «Калі так і далей пойдзе, то мы справіліся з хваробай»

Аляксандар Лукашэнка адзначае паступовае паляпшэньне эпідэміялягічай сытуацыі ў Беларусі, але заклікае «не расслабляцца».

«Калі і далей так пойдзе, то будзем лічыць, што мы справіліся з Божай дапамогай з гэтым захворваньнем. Пачалося гэта зь Віцебску. Там ужо канстатуюць факт, што яны ўнізе ў захворваньні. Сведчаньнем таму, што мы лякарні пачалі зачышчаць, вымываць — тыя, якія рыхтавалі як рэзэрв для каранавірусу», — заявіў Алясандар Лукашэнка на нарадзе ў палітычных пытаньнях, адзначыўшы, што аналягічная сытуацыя назіраецца і ў Менску. Цалкам чытайце тут.

14:23 25.5.2020

У Эўропе новая хваля зьмякчэньня карантынных захадаў

Шэраг эўрапейскіх краін з панядзелка, 25 траўня, яшчэ зьмякчылі карантынныя абмежаваньні, уведзеныя з нагоды распаўсюджваньня каранавіруснай інфэкцыі.

  • У Мадрыдзе і Барсэлёне зьнялі абмежаваньні на сустрэчы зь сябрамі і сваякамі, адкрываюць вулічныя тэрасы бараў і рэстаранаў. У іншых рэгіёнах Гішпаніі, дзе карантын быў аслаблены раней, рэжым становіцца яшчэ больш свабодным. Дазволена наведваньне пляжаў — пры ўмове выкананьня дыстанцыі ў два мэтры паміж адпачывальнікамі.
  • У Італіі адкрываюцца спартовыя залі і басэйны. У шэрагу правінцый запрацуюць забаўляльныя цэнтры, гатэлі, пракат аўтамабіляў.
  • У Чэхіі аднаўляюць працу кавярні і рэстараны, а таксама гатэлі, аднаўляецца вочнае навучаньне ў пачатковых клясах школаў. Акрамя таго, адменена абавязковае нашэньне масак на вуліцы — іх цяпер трэба надзяваць толькі ў грамадзкіх месцах і ў транспарце.
  • Таксама рэстараны, кавярні і іншыя аб’екты сфэры паслуг адкрываюцца ў Грэцыі і большасьці рэгіёнаў Нямеччыны.
  • У найбуйнейшых гарадах Украіны зноў запрацаваў мэтрапалітэн. Карантын у краіне быў аслаблены на некалькі дзён раней.
14:22 25.5.2020

Лукашэнка: «Гістэрыя з каранавірусам наклала вельмі жорсткі адбітак на эканоміку»

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што бачыць магчымасьць хуткага аднаўленьня ў нацыянальнай эканоміцы пасьля падзення, выкліканага закрыцьцём краінаў і сусьветных рынкаў ва ўмовах пандэміі.

«У сувязі з гістэрыяй, якая разгарнулася ў СМІ і наклала вельмі жорсткі адбітак на людзей і празь людзей на эканоміку, кіраўнікамі дзяржаў былі прынятыя сур’ёзныя рашэньні аб закрыцьці краінаў (чытай: закрыцьці эканомікі). Эканоміка ў нас экспартна арыентаваная. Таму адбылося пэўнае падзеньне, хоць прымальнае для нас. Гэта сьведчыць, што калі адкрыцьцё краін будзе больш інтэнсіўным (а працэс ужо пачаўся, бо людзі абурыліся, яны ня хочуць сядзець у ізаляцыі), мы зможам хутка аднавіць сваю эканоміку», — цытуе Лукашэнку БелТА. Далей чытайце па спасылцы.

14:21 25.5.2020

Закрыты Люўр набраў больш за 10 мільёнаў віртуальных візытаў за час карантыну

Найбольш наведвальны музэй сьвету, парыскі Люўр, набраў 10,5 мільёна візытаў у інтэрнэце дзякуючы бясплатным экскурсіям на сваім сайце і пастам у сацыяльных сетках, паведамляе Міжнароднае францускае радыё (RFI). За 71 дзень (з 12 сакавіка да 22 траўня) сайт Люўру наведалі больш за 10 мільёнаў чалавек. Для параўнаньня: за ўвесь 2018 год музэй прыняў 10,2 мільёна наведнікаў. Падрабязнасьці тут.

14:20 25.5.2020

Дарадца Трампа параўнаў рэакцыю Кітаю на каранавірус з Чарнобылем

Дарадца прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Робэрт О’Браен заявіў, што ўтойваньне Пэкінам інфармацыі аб эпідэміі прывяло да шматлікіх ахвяр у ЗША і ва ўсім сьвеце і параўнаў дзеяньні Кітаю пасьля ўспышкі каранавірусу з утойваньнем катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Савецкім Саюзам у 1986 годзе. Цалкам чытайце па спасылцы.

14:19 25.5.2020

Берасьцейскі аўтавакзал спыніў рэйсы ў Польшчу праз 3 дні пасьля аднаўленьня. Аўтобусы ходзяць толькі з Горадні

Ад 25 траўня Берасьцейскі аўтавакзал адмяняе ўсе міжнародныя рэйсы, прычына — пашырэньне ў сьвеце каранавірусу і закрыцьцё межаў, гаворыцца на сайце. Здарылася гэта празь некалькі дзён пасьля таго, як было анансавана аднаўленьне транспартных зносінаў зь Бельскам-Падляскім, Варшавай, Гданьскам і Катавіцамі. Міжнародныя рэйсы фармаваліся польскімі перавозчыкамі.

Такім чынам, у Польшчу можна трапіць толькі з Горадні на аўтобусе кампаніі TeamBusTravel. Рэйсы на Варшаву з паркоўкі чыгуначнага вакзалу ў Горадні ажыцьцяўляюцца тройчы на тыдзень. Цалкам чытайце тут.

14:16 25.5.2020

Чарнагорыя першая ў кантынэнтальнай Эўропе пазбавілася ад каранавірусу

Урад Чарнагорыі абвясьціў 24 траўня аб нулявой колькасьці «актыўных выпадкаў» COVID-19 у краіне. З агульных 324 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі 9 скончыліся сьмерцю пацыентаў, але 315 чалавек выпісаныя здаровымі.

Таксама вольныя ад каранавірусу Фарэрскія астравы — аўтаномія ў складзе Даніі. Да нядаўняга часу не было «актыўных выпадкаў» у Грэнляндыі — яшчэ адной дацкай аўтаноміі. Цалкам чытайце тут.

09:17 25.5.2020

БТ: «Ня ўсе СМІ правільна інтэрпрэтуюць інфармацыю лекараў аб лячэньні самых цяжкіх хворых з дыягназам COVID-19»

Пра каранавірус у «Галоўным эфіры» БТ згадалі толькі на 39-й хвіліне. Прычым, што тычыцца мэдычных тэмаў, спачатку прыгадалі ліцэнзаваньне мэдпаслуг, а толькі потым назвалі афіцыйную статыстыку COVID-19, паўтарыўшы цытату Аляксандра Лукашэнкі, што ў сьмяротнасьці «мы найлепшыя ў сьвеце. Гэта ўжо ніхто не аспрэчвае, ніхто».

Паказалі дзьве гісторыі людзей, якія перамаглі каранавірус — доктаркі і жанчыны, у якой захварэла дзіця.

А другі сюжэт называўся «Ня ўсе СМІ правільна інтэрпрэтуюць інфармацыю лекараў аб лячэньні самых цяжкіх хворых з дыягназам COVID-19» (маючы на ўвазе недзяржаўныя мэдыя).

Камэнтар у сюжэце БТ даваў загадчык аддзела менскага НПЦ хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі прафэсар Аляксандар Дзядзько.

А БТ мела на ўвазе матэрыял, апублікаваны на партале Tut.by яшчэ ў пятніцу, 22 траўня, «У сеціве зьявіўся слайд аб колькасьці памерлых у „ковідных“ рэанімацыях Менску. Мінздароўя патлумачыў, адкуль лічба». І камэнтар парталу Tut.by на два дні раней даваў той жа самы Аляксандар Дзядзько.

Незалежным СМІ дасталося і ў суботнім «Клюбе рэдактараў». Вядоўца праграмы, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант амаль 25 хвілін эфірнага часу прысьвяціў «абуральным фэйкам, якія распаўсюдзіў цэлы шэраг незалежных сродкаў (з дазволу сказаць) масавай інфармацыі».

Гаворка ішла пра бабруйскіх мэдыкаў хуткай дапамогі, якія зьвярнуліся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, што яны не атрымалі абяцаныя паводле ўказу №131 даплаты. Зварот падпісалі каля 200 чалавек.

08:15 25.5.2020

Лічбы на раніцу 25 траўня

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 5,5 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,686 млн у ЗША, 365 тысяч у Бразыліі, 344,5 тысячы ў Расеі, амаль 283 тысячы ў Гішпаніі, 259,5 тысячы ў Вялікай Брытаніі, амаль 230 тысяч у Італіі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 346,7 тысячы чалавек. Зь іх 99 300 у ЗША, 36 793 у Вялікай Брытаніі, 32 785 у Італіі, 28 752 у Гішпаніі, 28 367 у Францыі, 22 746 у Бразыліі.
  • Выпісалі 2,3 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,85 млн, зь іх каля 53,2 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 24 траўня, пацьверджаныя 36 198 выпадкаў COVID-19 (плюс 954 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 199 чалавек (плюс 5 за дзень), выпісалі здаровымі 14 155 пацыентаў (плюс 627 за дзень).
12:44 24.5.2020

Мінздароўя апублікавала сьвежую статыстыку па COVID-19. Згодна ёй па стане на 24 мая выпісаныя 14155 пацыентаў, у якіх раней быў пацьверджаны дыягназ COVID-19. Акрамя гэтага ведамства інфармуе, што агулам з пачатку эпідэміі зарэгістраваныя 36198 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (+954 чалавекі). Усяго ў Беларусі па стане на 24 траўня, згодна афіцыйным дадзеным, праведзена 450627 тэстаў на каранавірус.

За ўвесь пэрыяд распаўсюджваньня інфэкцыі на тэрыторыі краіны памерлі 199 пацыентаў з з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй, сьцьвярджае Мінздароўя.

11:32 24.5.2020

У Расеі рэкордная колькасьць памерлых за суткі

Аднак згодна афіцыйным дадзеным агульная колькасьць захварэўшых зьмяншаецца.

За мінулыя суткі ў Расеі зафіксавана 153 выпадкі сьмерці ад каранавіруснай інфэкцыі COVID-19. Гэта самая высокая колькасьць памерлых за ўвесь час эпідэміі. Новых выпадкаў інфэкцыі выяўлена амаль на тысячу менш, чым суткамі раней — 8599. Больш за 5,5 тысячы пацыентаў прызнаныя здаровымі. Такія дадзеныя прыводзіць апэратыўны штаб.

Усяго каранавірусная інфэкцыя названая прычынай сьмерці 3541 жыхара Расеі. Агульная колькасьць тых, хто быў інфіцыраваны (уключаючы ачунялых і памерлых) дасягнула амаль 345 тысяч. Гэта трэцяе месца ў сьвеце. Напярэдадні на другім месцы Расію зьмяніла Бразылія, дзе эпідэмія распаўсюджваецца больш хуткімі тэмпамі.

У той жа час тэмпы распаўсюджваньня інфэкцыі па афіцыйных дадзеных зьмяншаюцца. На піку за суткі выяўлялася 10-11 тысяч новых інфіцыраваных.

19:44 23.5.2020

Гішпанскія правыя пратэстуюць супраць антыэпідэмічнага карантыну

Крайне правая гішпанская партыя Vox зладзіла ў Мадрыдзе дэманстрацыю супраць карантынных мераў, прынятых у сувязі з пандэміяй каранавірусу. Пратэст падтрымалі аўтамабільнымі гудкамі тысячы аўтамабілістаў, якія праяжджалі па вуліцах гішпанскай сталіцы.

Удзельнікі сёньняшняй акцыі заклікалі прэм'ер-міністра Педра Санчэса і віцэ-прэм'ера Пабла Іглесіаса падаць у адстаўку. Правыя абвінавачваюць левы ўрад ў нанясеньні шкоды эканоміцы і рэзкім росьце беспрацоўя.

17:14 23.5.2020

Мінздароўя: палова інфікаваных COVID-19 у Беларусі – жыхары Менску

Пра гэта у тэлеграм-канале міністэрства здароўя паведаміў сёньня загадчык аддзелу Менскага НПЦ хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі, галоўны пазаштатны спэцыяліст міністэрства Аляксандар Дзядзько. Апошні раз статыстыку захворваньня каранавірусам па рэгіёнах міністэрства здароўя прыводзіла месяц таму – 24 красавіка. Тады паводле міністэрства ўсяго ў Беларусі было 8773 чалавекі з пацьверджаным тэстам на COVID-19, зь іх у Менску – 4090 чалавек (46% ад усіх інфікаваных)​.

10:35 23.5.2020

Wargaming перадала Мінздароўя 100 тысяч ахоўных камбінэзонаў для мэдыкаў

23 траўня беларуская IT-кампанія Wargaming перадала Міністэрству аховы здароўя 100 тысяч аднаразовых ахоўных камбінэзонаў. Гэтыя сродкі індывідуальнай абароны пашыла кампанія Mark Formelle.

Напярэдадні Wargaming і Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) перадалі ў Цэнтар экстранага рэагаваньня Міністэрства аховы здароўя партыю ў 91 тысячу фільтруючых масак класыфікацыі FFP3 (вытворчасьць міжнароднай карпарацыі 3M), паведамляе БЕЛТА.

10:30 23.5.2020

Каранавірус: рэкордная колькасьць выпадкаў за суткі ў сьвеце, Бразылія апярэдзіла Расею

  • За апошнія суткі ў сьвеце зарэгістраваная найбольшая колькасьць новых выпадкаў заражэньня па ўсім сьвеце з пачатку эпідэміі, сьведчаць дадзеныя парталу worldometers. За 22 траўня COVID-19 выявілі ў 107 716 чалавек.
  • На раніцу 23 траўня агулам з пачатку эпідэміі каранавірусам заразіліся ўжо больш за 5,3 мільёна чалавек, памерлі 340 тысяч чалавек, выздаравелі — 2 мільёны 216 тысяч чалавек.
  • На першым месцы па колькасьці зарэгістраваных выпадкаў COVID-19 па-ранейшаму ЗША — агулам больш за 1 мільён 645 тысяч чалавек. На другім месцы — Бразылія, якая абагнала Расею па колькасьці зарэгістраваных выпадкаў каранавірусу — больш за 332 тысячы чалавек (у Расеі — больш за 326 тысяч выпадкаў). На чацьвёрым месцы ў сьвеце Гішпанія — амаль 282 тысячы чалавек, на пятым — Вялікая Брытанія (254 тысячы чалавек).
  • У Кітаі, адкуль пачалася ўспышка каранавірусу, за мінулыя суткі не было зарэгістравана ні новых выпадкаў каранавірусу, ні новых сьмерцяў ад COVID-19.
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя назвала Паўднёвую Амэрыку новым эпіцэнтрам пандэміі COVID-19.
22:59 22.5.2020

+932 выпадкі COVID-19, агулам 34 303, 190 памерлых. Вынікі дня 22 траўня

22:54 22.5.2020

Новыя нормы жыцьця ў эпоху COVID-19. ФОТАГАЛЕРЭЯ

Вось як фізычнае дыстанцыяваньне і іншыя афіцыйныя захады фармуюць штодзённае жыцьцё па ўсім сьвеце ў часе, калі некаторыя з краінаў пачалі здымаць абмежаваньні, уведзеныя ў сувязі з пандэміяй COVID-19.

20:14 22.5.2020

Беларускія шпіталі атрымаюць грашовую дапамогу Эўразьвязу

Бальніцы ў Берасьцейскай, Горадзенскай і Менскай абласьцях, а таксама ўпраўленьне адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёну Берасьця атрымаюць грашовую дапамогу на барацьбу з COVID-19, піша «Эўрарадыё». Дапамогу вылучылі ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна». Агульны бюджэт на тры краіны — 2,9 мільёна эўра. Беларускія ўдзельнікі праекта могуць прэтэндаваць на фінансаваньне ў межах траціны ад гэтай сумы. Цалкам чытайце тут.

20:13 22.5.2020

«Першы тэст і КТ зрабілі празь месяц пасьля пачатку хваробы». 50-гадовая жанчына 7 тыдняў хварэла на дзіўную пнэўманію

Сем тыдняў у трох шпіталях. Чатыры адмоўныя тэсты на каранавірус. Дыягназ — СOVID-асацыятыўная полісэгмэнтарная двухбаковая пнэўманія — пацьвердзіла толькі КТ. 50-гадовая Вольга расказала, як трэці месяц змагаецца з каранавірусам і ўскладненьнямі пасьля хваробы. Чытайце гісторыю Вольгі па спасылцы >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG