Лукашэнка ўстанавіў адзіныя тарыфы на рэгістрацыю нерухомасьці. Што яшчэ зьмянілася?

Жылыя кварталы Менску.

Адзіныя тарыфы на паслугі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасьці ўстанавіў 25 чэрвеня ўказам № 245 Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэсавая служба.

Адзіныя тарыфы ўстанаўліваюцца «незалежна ад таго, аказваюцца паслугі грамадзянам у агенцтвах па дзяржаўнай рэгістрацыі альбо натарыюсамі», адзначаецца ў паведамленьні.

Там таксама падкрэсьліваецца, што памер тарыфаў «разьлічваўся з улікам эканамічна абгрунтаваных выдаткаў».

Дакумэнт, як заяўляецца, «дазволіць у поўнай меры забясьпечыць рэалізацыю прынцыпу „адно акно“ пры дзяржрэгістрацыі нерухомасьці».

Тэкст указу прэсавая служба Лукашэнкі не апублікавала.

Экстэрытарыяльны прынцып рэгістрацыі нерухомасьці ўведзены законам ад 5 сьнежня 2024 году «Аб зьмене законаў па пытаньнях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасьці, правоў на яе і зьдзелак зь ёю», які набыў моц 11 чэрвеня 2025-га.

9 чэрвеня Савет міністраў прыняў пастанову № 314 (апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 11 чэрвеня), у якой сярод іншага ўдакладняецца, як згаданы закон будзе працаваць на практыцы.

Згодна з законам і пастановай, заяву аб рэгістрацыі нерухомасьці можна падаваць у агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры ня толькі па месцы знаходжаньня аб’екту нерухомай маёмасьці, а ў любое аддзяленьне.

Для рэгістрацыі нерухомай маёмасьці цяпер дастаткова зьвярнуцца да натарыюса, які перадасьць неабходныя для рэгістрацыі або ўнясеньня выпраўленьняў дакумэнты рэгістратару ў агенцтва.

Бакі дамовы, зьвязанай зь нерухомасьцю, могуць зьвяртацца да рэгістратараў у розных населеных пунктах у адзін час і ўзгадняць умовы па відэасувязі.

Акрамя таго, закон падаўжае да 1 студзеня 2028 году тэрмін узаконьваньня самавольна занятых зямельных участкаў («зямельная амністыя»). Раней гэты тэрмін ахопліваў пэрыяд з 1 верасьня 2022 году па 1 верасьня 2025-га.

Што зь беларусамі за мяжой

Беларусы, што жывуць за мяжой і ня могуць вярнуцца на радзіму, баючыся палітычных рэпрэсій, фактычна пазбаўленыя правоў на зьдзелкі зь нерухомай маёмасьцю. Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі № 278 ад 4 верасьня 2023 году, для іх уведзеныя абмежаваньні на ажыцьцяўленьне зьдзелак зь нерухомасьцю і транспартнымі сродкамі (купля-продаж, заклад ды інш.). Даверанасьць на такія зьдзелкі можна аформіць толькі на тэрыторыі Беларусі.

  • Паводле даных Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінулі Беларусь пасьля падзей жніўня 2020 году.
  • Управа вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс.
  • У лютаўскім дакладзе Групы незалежных экспэртаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі гаварылася, што з краіны за гэты час магло зьехаць да 600 тыс. грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнікі прыдумалі чарговае абмежаваньне для насельніцтва. На гэты раз бяруцца за рынкі