Каты і пеўнікі замест ваўкоў. Чым беларускія калыханкі адрозьніваюцца ад калыханак суседзяў

Вокладка новай кнігі

Музыка Сяржук Доўгушаў выпусьціў кнігу «Беларускія калыханкі». Разам з кнігай выйшаў студыйны альбом «Калыханкі», які запісала Воля Дземка з гуртам VOLYA. Усе аўтэнтычныя запісы можна паслухаць пад QR-кодамі ў кнізе.

Аўтар новай кнігі пра беларускія калыханкі музыка Сяржук Доўгушаў прызнаецца, што на стварэньне выданьня яго натхніла дачка Эвэліна, якой цяпер 2 гады. Бо вельмі важна зь першых дзён жыцьця даносіць дзецям беларускую мову, родныя словы празь пяшчотныя вобразы. Калыханкі Доўгушаў зьбіраў і раней, калі езьдзіў у фальклёрныя экспэдыцыі па Беларусі.

«Калі нарадзілася дачушка, трэба было сьпяваць калыханкі. У нашай сям’і сьпяваю я. Я нават у фэйсбуку правёў апытанку: хто з татаў ці наагул мужчын сьпявае калыханкі? Выявілася, даволі шмат. Раней была традыцыя, што жанчыны — матулі, бабулі, сястра — сьпявалі, а цяпер сытуацыя зьмянілася. Я не лічу гэта парушэньнем традыцыяў.

Сяржук Доўгушаў з дачкой, фота з прыватнага архіву

У кнізе першую калыханку сьпяваю я сам. Яе я пачуў у вёсцы Выдрыца Крупскага раёну ў 2014 годзе, мне яна запала ў душу. Мэлёдыя вельмі простая, сюжэт распаўсюджаны: першая частка „гулі-гулі“, другая частка — пра катка: „памарозіў лапкі“, „знайшоў паясок“, „купіў піражок“», — апавядае Сяржук Доўгушаў.

Галоўныя героі кот і котка

Аўтар выданьня расказвае, што зараз, бывае, замест калыханак людзі сьпяваюць іншыя мэлядычныя песьні. Напрыклад, „Простыя словы“ Міхала Анемпадыстава. Існуе шмат калыханак — у кожным рэгіёне ёсьць свае. У кнізе сабраныя калыханкі з Падляшша, з Заходняга Палесься, з Гомельскага Палесься, з Полаччыны, працягвае Сяржук.

Старонкі з кнігі

«Можна параўноўваць іх мэлёдыі, ёсьць моўныя адметнасьці — я іх адмыслова захаваў. У беларускіх калыханках не сустрэнеш нейкіх агрэсіўных зьвяроў. Калі ёсьць воўк — гэта ня наша калыханка, яна прыйшла з усходу. У нас не было драпежнікаў — толькі коцікі, гулі, пеўнікі. Ёсьць арыгінальныя — калыханка пра мушку, пра курэй — прыляцелі не галубы, а прыляцелі куры, сустракаюцца мітычныя істоты: Сон, Дрымота і Бай. Але галоўныя героі — гэта кот, котка, якія клапоцяцца пра дом, пра сям’ю, гаспадарку.

Пачуў ад фальклёрнага гурту „Хатовічы“ з Ганцавіцкага раёну вельмі файную калыханку — там дзіця калыхае Божая маці, а Бог абараняе», — апавядае ўкладальнік «Беларускіх калыханак».

Старонкі з кнігі

Апрача нотаў і тэксту, у кнізе шмат ілюстрацыяў ад Tikava_studio: там і кот-ахоўнік, і кот-гаспадар, і коцік, які бавіцца зь дзіцем. Яны ўсе прыгожыя, у народных строях.

«Калыханку можа засьпяваць кожны чалавек без падрыхтоўкі»

Калыханка — ня толькі песенька для дзіцяці, яна яшчэ і супакойвае саміх бацькоў, перакананы Сяржук.

«Пачынаеш сьпяваць — і сам супакойваесься. Я выкладчык сьпеваў, у мяне ёсьць розныя групы — жаночыя, мужчынскія. Пачаў калыханкі даваць на занятках. Гэта такая гармонія і першапачатковае знаёмства з гукам: сама мэлёдыя вельмі проста сьпяваецца. Ня трэба мець моцны голас, калыханку можа засьпяваць кожны чалавек без падрыхтоўкі. Галоўная каштоўнасьць не ў майстэрстве, а ў прысутнасьці любімага чалавека, у гаючым голасе, у адчуваньні цеп­лыні і бясьпекі», — апавядае Сяржук Доўгушаў.

Тэксты калыханак у кнізе апублікаваныя і кірыліцай, і лацінкай. Ёсьць ангельскамоўны пераклад, тлумачэньні пра герояў па-ангельску. Альбом з калыханкамі разьмешчаны на асноўных музычных пляцоўках — spotify.com, youtube.com.

Кнігу можна замовіць. Сяржук Доўгушаў абяцае прэзэнтаваць выданьне ў розных гарадах, зараз ён знаходзіцца ў ЗША.

У плянах Доўгушава — кніга пра беларускіх лірнікаў. Некалі ён пісаў магістарскую працу ў Акадэміі навук пра вандроўных музыкаў, пра ўнікальныя традыцыі лірнікаў.