Украіна і Расея ажыцьцявілі чарговы абмен палоннымі, беларусаў у ліку перададзеных Украінай расейскіх вайскоўцаў не было

Украінскія вайскоўцы, вызваленыя з расейскага палону, 26 чэрвеня 2025

Пра гэта паведамілі міністэрствы абароны Ўкраіны і Расеі.

Паводле вайсковага ведамства Ўкраіны абмен палоннымі адбыўся ў адпаведнасьці з дамоўленасьцямі, дасягнутымі ў Стамбуле. Ва Ўкраіну вярнуліся вайскоўцы ва ўзросьце да 25 гадоў, а таксама тыя, якія атрымалі раненьні і маюць праблемы са здароўем.

Пераважная большасьць вызваленых сёньня ўкраінскіх вайскоўцаў трапілі ў палон у 2022 годзе. Значная частка зь іх была ўзятая ў палон падчас абароны Марыюпалю.

З палону таксама былі вызваленыя байцы Нацыянальнай гвардыі, якія ахоўвалі Чарнобыльскую АЭС.

Паведамляецца, што былі абмененыя роўныя колькасьці вайскоўцаў Украіны і Расеі, колькі дакладна, не паведамляецца.

Міністэрства абароны РФ інфармуе, што абмененыя расейскія вайскоўцы зараз знаходзяцца ў Беларусі, дзе ім аказваецца неабходная псыхалягічная і мэдычная дапамога.

Беларусаў у ліку перададзеных Украінай расейскіх вайскоўцаў не было

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ: Беларусь удзельнічала ў 38 абменах паміж Расеяй і Ўкраінай


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі адбыўся яшчэ адзін этап вялікага абмену палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай. Беларусаў зноў не было