Суд у Ерэване арыштаваў на два месяцы архібіскупа Мікаэля Аджапах’яна

Архібіскуп Армянскай апостальскай царквы Мікаэль Аджапах’ян, 27 чэрвеня 2025 году.

Суд у Ерэване арыштаваў на два месяцы кіраўніка Шырацкай япархіі Армянскай апостальскай царквы архібіскупа Мікаэля Аджапах’яна, якога абвінавачваюць у публічных закліках да захопу ўлады.

Адвакат Ара Заграб’ян назваў рашэньне суду незаконным і неабгрунтаваным.

Паводле яго слоў, Аджапах’яну забароненыя спатканьні, за выключэньнем блізкіх сваякоў і адвакатаў. «У нас ёсьць 10 дзён на абскарджаньне рашэньня, што мы і маем намер зрабіць», — сказаў Заграб’ян.

Раніцай 27 чэрвеня спэцназ Службы нацыянальнай бясьпекі і паліцыя прыйшлі ў духоўны цэнтар царквы і рэзыдэнцыю каталікоса Гарэгіна II у Эчміядзіне, у Армавірскай вобласьці Армэніі. Адначасова ператрус адбыўся ў рэзыдэнцыі Аджапах’яна ў Гюмры.

Архібіскуп у гэты момант знаходзіўся ў Эчміядзіне на сходзе духавенства і выйшаў да прысутных. Ён заявіў, што не ўяўляе пагрозы для краіны. Пазьней стала вядома, што Аджапах’ян разам з адвакатам добраахвотна выйшаў да паліцыянтаў.

Раніцай 25 чэрвеня Сьледчы камітэт Армэніі заявіў, што ўдзельнікі і прыхільнікі апазыцыйнага руху «Сьвяшчэнная барацьба», які ўзначальвае архібіскуп Армянскай апостальскай царквы Баграт Галстаньян, нібыта плянавалі тэракты і гвалтоўны захоп улады.

Два дні таму прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян паведаміў, што праваахоўныя органы прадухілілі маштабны плян «крымінальнага алігархічнага духавенства» па дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне. У дамах прыхільнікаў руху прайшлі ператрусы. Архібіскуп Баграт Галстаньян быў затрыманы, а потым арыштаваны на два месяцы.

  • Сьледчыя дзеяньні адбываюцца на фоне канфлікту паміж уладамі і Армянскай апостальскай царквой. Раней Пашыньян крытыкаваў царкву і сьцьвярджаў, што каталікос Гарэгін II нібыта парушыў абяцаньне цэлібату.
  • У царкве заявілі, што антыцаркоўная палітыка ўраду носіць відавочна выражаны палітычны характар і накіраваная на падрыў аўтарытэту Армянскай апостальскай царквы ў краіне і за яе межамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Армэніі заявілі аб перадухіленьні спробы перавароту і захопу ўлады