Расьсьледаваньне: кампанію прэм’ера Літвы крэдытавала прадпрыемства, уласьнік якой меў сувязі з «гаманцом» Лукашэнкі

Прэм’ер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас. Архіўнае фота

Празь непразрыстасьць бізнэсу Гінтаўтаса Палуцкаса апазыцыйная фракцыя ў парлямэнце плянуе запрасіць кіраўніка ўраду для тлумачэньня сытуацыі.

У Літве разгарэўся скандал вакол прэм’ер-міністра Гінтаўтаса Палуцкаса, кампанію якога ў 2013–2017 гадах крэдытавала прадпрыемства Uni Trading, чый уласьнік меў сувязі зь беларускім алігархам Аляксеем Алексіным.

Як паведаміла літоўскае выданьне LRT, празь непразрыстасьць бізнэсу Гінтаўтаса Палуцкаса апазыцыйная фракцыя ў парлямэнце плянуе запрасіць кіраўніка ўраду для тлумачэньня сытуацыі.

Скандал узмацніўся 29 чэрвеня, калі два літоўскія выданьні — Laisvės TV і Цэнтар журналісцкіх расьсьледаваньняў Siena — апублікавалі матэрыял, зь якога вынікае, што кампанія цяперашняга прэм’ера Sagerta была стратнай, а на фінансаваньне дзейнасьці атрымлівала крэдыты ад кампаніяў, імаверна, зьвязаных зь бізнэсам Аляксея Алексіна.

У прыватнасьці, сярод уласьнікаў такіх кампаніяў журналісты назвалі двух літоўскіх бізнэсоўцаў Дарыюса Вільчынскаса і Маруса Гіржадаса. Згодна з расьсьледаваньнем журналістаў, кампаніі зьвязваў адзіны адрас рэгістрацыі з тымі, што супрацоўнічалі з Алексіным, а Марус Гіржадас нават быў суседам літоўскага прэм’ера ў элітным жылым квартале, у якім цяперашні літоўскі прэм’ер набыў дарагую кватэру. У кватэры Гіржадаса зарэгістраванае ЗАТ Lexie Ventures, якое кантралюе Алексін, а Гіржадас у ім акцыянэр.

Паводле журналістаў, кампанія Гінтаўтаса Палуцкаса не дэкляравала атрыманьне крэдытаў і кампаніяў, якія іх выдавалі. Экспэрты, зь якімі размаўлялі журналісты, не выключаюць, што такая непразрыстасьць бізнэсу можа сьведчыць аб адмываньні незаконных даходаў.

Літоўскі прэм’ер адкідае абвінавачаньні і сьцьвярджае, што ведаў Гіржадаса толькі як свайго суседа і ня ведаў аб ягоных сувязях з спонсарам Лукашэнкі, а з Дарыюсам Вільчынскасам яго зьвязвае сяброўства, а ня бізнэс-дачыненьні.

Your browser doesn’t support HTML5

«Радавое гняздо» ў францускім стылі гаспадара «Табакерак», алігарха Алексіна. ВІДЭА

Аляксей Алексін, якога называюць набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі, знаходзіцца пад санкцыямі як адзін з «гаманцоў» палітыка.

У студзені 2021 году стала вядома, што Алексін перапісаў кампаніі на сыноў, як мяркуецца, баючыся санкцыяў. На той момант у схеме бэнэфіцыярных уласьнікаў на сайце «МТБанку» было ўказана, што па 40% долі ў «Энэрга-Оіл» прыпадае на Віталя і Дзьмітрыя Алексіных, яшчэ 20% — на Іну Алексіну (жонку бізнэсоўца).

У жніўні 2021 году і сама кампанія «Энэрга-Оіл» таксама апынулася пад санкцыямі. А ў красавіку 2022 году ўказам Лукашэнкі бізнэс Алексіна выключылі зь сьпісу кампаній, якія маюць выключнае права на імпарт тытунёвай сыравіны і вырабаў.

У сакавіку 2025 году расьсьледніцкая ініцыятыва «Бюро» паведаміла, што яшчэ ў 2022 годзе Алексін і ягоны сын з жонкай набылі «залатыя» пашпарты Вануату — астраўной дзяржавы ў Ціхім акіяне, вядомай сваімі даступным грамадзянствам і офшорнымі паслугамі.

«Залаты» пашпарт Вануату выдаецца ў рэкордна кароткія тэрміны — ад 1 да 4 месяцаў — і дазваляе рабіць бязьвізавыя паездкі больш як у 100 краін сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі алігарх Алексін і ягоны сын з жонкай набылі «залатыя» пашпарты Вануату, — расьсьледнікі «Бюро»