Сілавікі затрымалі лідэра гурту «Палац» Алега Хаменку

Алег Хаменка, архіўнае фота

Пра гэта 30 чэрвеня паведаміў журналіст Канстанцін Каверын у этэры шоў «Звычайная раніца». Пазьней затрыманьне пацьвердзіла крыніца «Люстэрка».

Іншай інфармацыі пакуль няма.

Алег Хаменка — адзін з самых вядомых беларускіх музыкаў.

У 1992 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў гурту «Палац», які граў у наватарскім стылі фольк-мадэрн.

Першыя ж выступы засьведчылі цікавасьць як публікі, так і крытыкаў да новага праекту. Музыкаў запрашалі на ўсе значныя тагачасныя фэсты — «Басовішча», «Славянскі базар», «Маладэчна», «Магутны Божа».

Праз год гурт увайшоў у дзясятку найлепшых калектываў Усходняй Эўропы паводле вэрсіі Radio France International — трэцяя прэмія конкурсу «Discovery-93» за песьню «Русалкі».

«Палац» прадстаўляў Беларусь на шэрагу міжнародных фэстываляў: Tanz und Folkfest у Нямеччыне, «Країна Мрій» ва Ўкраіне, Suklegos у Літве, «Галасы Азіі» ў Казахстане і г.д.

На першых трох «Рок-каранацыях» гурт нязьменна станавіўся ляўрэатам у намінацыі «Традыцыі і сучаснасьць». У творчым багажы «Палацу» восем музычных альбомаў, а таксама ўдзел у мностве тэматычных складанак у Беларусі і за мяжой.

Алег Хаменка таксама быў вядоўцам шматлікіх шоў і канцэртаў, аўтарскіх перадач на радыё і тэлевізіі, заснавальнікам фэсту «Bela Music».

Падрабязьней пра яго можна пачытаць у вялікім інтэрвію 2017 году, прымеркаваным да 50-годзьдзя музыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Можна дараваць усё, акрамя перапісваньня Канстытуцыі дзеля пажыцьцёвага кіраваньня, — Алег Хаменка