У менскіх паліклініках зьявіліся экспрэс-тэсты на антыцелы да COVID-19. Вынік за 20 хвілінаў
Экспрэс-тэсты, якія зьявіліся ў паліклініках, не дазваляюць выявіць каранавірусную інфэкцыю на раньніх этапах, але выяўляюць тых, у каго хвароба на позьнім этапе, а таксама тых, хто ўжо перахварэў. Цяпер менскія клінікі робяць тэсты на антыцелы тых, хто паступіў для паўторнага абсьледаваньня як «кантакт І узроўню». Такіх пацыентаў цяпер пакідаюць лячыцца дома пад наглядам мэдыкаў.
Тэсты пакуль робяць толькі бясплатна і паводле мэдычных паказаньняў, платна і па жаданьні іх цяпер ня робяць. Цалкам чытайце тут.
Міністар Каранік адказаў на спрэчныя пытаньні аб даплатах мэдыкам за працу з хворымі на COVID-19
Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік 21 траўня пракамэнтаваў сытуацыю з выплатамі мэдыкам за працу з пацыентамі, інфікаванымі COVID-19. Паводле Караніка, пахвілінная даплата можа ісьці ў іншых краінах, у Беларусі ж даплочваюць за зьмены:
«Калі цягам зьмены мэдычны пэрсанал кантактаваў з пацыентам з каранавірусной інфэкцыяй, аплата ідзе за ўсю зьмену, — тлумачыў Каранік. — То бок, не за тыя хвіліны, паўгадзіны ці гадзіну, пакуль яны займаліся аказаньнем мэдычнай дапамогі. Калі такіх зьменаў цягам месяца было больш за 30%, аплата ідзе за ўвесь месяц — гэта значыць поўная аплата».
У такой схеме Каранік пабачыў «прынцып сацыяльнай справядлівасьці» і запэўніў, што ўсе, хто кантактаваў з пацыентамі, інфікаванымі COVID-19, атрымаюць даплату, за зьмены ці за месяц. Цалкам чытайце тут.
Дэзынфармацыі пра COVID-19 стала меней, — маніторынг ЭЗ
Дэзынфармацыя пра каранавірус зьменшылася «прынамсі часова», паведамляе Эўрапейская служба вонкавых дзеяньняў (EEAS) у аглядзе за 23 красавіка — 18 траўня. У той жа час пракрамлёўскія рэсурсы па-ранейшаму актыўна распаўсюджваюць недакладную інфармацыю пра пандэмію. Далей чытайце па спасылцы.
Плюс 945 інфікаваных і 6 памерлых. Апублікавалі афіцыйную статыстыку COVID-19 у Беларусі на 21 траўня
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 21 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19:
- агулам 33 371 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 185 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 12 057 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 945 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 642 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 403 236 тэстаў (рэкордныя 15 563 за дзень і рэкордна малы адсотак станоўчых тэстаў — 6,07%);
Лукашэнка зрабіў новы прагноз: Беларусі яшчэ месяц прыйдзецца «важдацца» з каранавірусам
Аляксандар Лукашэнка прагназуе, што складаная сытуацыя з каранавірусам захаваецца ў краіне яшчэ месяц.
«Ні ў якім разе не расслабляцца. (...) Напэўна, пакуль мы канчаткова не адыдзем ад гэтага, месяц нам яшчэ давядзецца важдацца», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам аховы здароўя Ўладзімірам Каранікам і памочнікам прэзыдэнта Аляксандрам Косінцам. Лукашэнку цытуе БелТА. Цалкам чытайце тут.
Міністэрства здароўя падлічыла ахвяраваньні на барацьбу з каранавірусам і расказала, на што іх патраціла
На барацьбу з распаўсюдам COVID-19 з дабрачынных рахункаў Рэспубліканскага цэнтру арганізацыі мэдычнага рэагаваньня пералічана 5 мільёнаў 499 тысяч рублёў.
Зь іх
- 4,6 млн рублёў пераведзена прадпрыемству «Белмэдтэхніка», у тым ліку 1 млн для набыцьця экспрэс-тэстаў на каранавірус.
- Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі атрымаў 364 тысячы рублёў.
- РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдычных біятэхналёгій — 102 тысячы.
- Нацыянальнаму антыдопінгаваму агенцтву выдзелена 350 тысяч рублёў.
Рэшта сродкаў на дабрачынных рахунках наступная: у беларускіх рублях — 211 051 рубля, у валюце — 171 339 эўра.
Праз каранавірус частку работнікаў БМЗ выправяць у водпуск на 2/3 акладу
Да канца чэрвеня работнікаў Беларускага мэталюргічнага заводу могуць адпраўляць у адпачынкі з захаваньнем 2/3 тарыфнага акладу. Прычына — «неспрыяльная сытуацыя, выкліканая ўвядзеньнем карантынных захадаў, у выніку чаго ўзьнік дысбалянс паміж пастаўкамі сыравіны і адгрузкай прадукцыі». На прадпрыемстве ўдакладнілі, што мера будзе прымяняцца кропкава, цяпер у такі адпачынак адправілі 3% работнікаў. Чытаць цалкам тут.
Швэцыя выйшла на першае месца ў сьвеце ў сьмяротнасьці ад COVID-19 на душу насельніцтва
У апошнія дні Швэцыя заняла першае месца ў сьвеце ў колькасьці сьмерцяў за апошнія сем дзён, выкліканых каранавірусам на мільён жыхароў.
Учора ў Швэцыі гэты каэфіцыент складаў 6,25, у другой краіне, Вялікай Брытаніі — 5,75. У краіне з насельніцтвам 10 мільёнаў чалавекаў колькасьць сьмерцяў ад COVID-19 набліжаецца да 4 000. Гэта лічбы з сэрвісу ourworldindata.org. Цалкам чытайце тут.
У ЗША праходзіць 24-гадзінная онлайн-жалоба па памерлых ад COVID-19
У ЗША ў чацьвер, 21 траўня, праходзіць онлайн-акцыя, падчас якой зачытваюцца імёны, узрост і месца пражываньня людзей, якія памерлі ў выніку заражэньня каранавірусам SARS-CoV-2. 24-гадзінная акцыя «Назваць імёны памерлых» (#namingthelost) пачалася напярэдадні, у яе рамках усе жыхары ЗША могуць даслаць імёны сваіх блізкіх, якія памерлі з прычыны выкліканай каранавірусам пнэўманіі COVID-19. Онлайн-жалобу арганізавала група людзей, якія самі праз пандэмію каранавірусу страцілі родных, сяброў, калег або суседзяў. Яны пражываюць у розных штатах ЗША, у тым ліку тых, што найбольш пацярпелі ад пандэміі.
У Берасьці зрабілі стрыт-арт з крытыкай Міністэрства здароўя. Зафарбавалі ў той жа дзень
Удзень 20 траўня на сьцяне нежылога будынка на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Берасьці зьявіўся малюнак з трыма малпамі і лягатыпам Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Як піша Tut.by, выяву зафарбавалі ўжо вечарам таго ж дня.
Аўтар муралу невядомы, тлумачэньняў да яго на сьцяне не было. Але вобраз трох малпаў прыйшоў зь Японіі (三猿), звычайна расшыфроўваецца фразай «калі я ня бачу зла, ня чую пра зло і нічога не кажу пра яго, то я абаронены ад яго».
Подпісы пад малпамі — Ігар Карпаў (галоўны няштатны інфэкцыяніст Міністэрства аховы здароўя, прафэсар), Уладзімер Каранік (міністар аховы здароўя), Ірына Глінская (намесьніца галоўнага доктара Беларускага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі).
Кампазыцыя нагадвае тое, як выглядалі прэс-канфэрэнцыі Міністэрства аховы здароўя: звычайна тры чалавекі сядзелі перад мікрафонамі, за імі на сьцяне быў лягатып установы. Апошні раз на пытаньні незалежных СМІ прадстаўнікі міністэрства адказвалі на такой прэс-канфэрэнцыі 17 красавіка, пасьля 24 красавіка правялі толькі брыфінг, на якім не далі журналістам задаць пытаньні.
«Захавалі бясьпеку, ня страцілі час». Як прыватная школа ў Віцебску другі месяц працуе онлайн
Першая ў Віцебску прыватная школа «Апэльсін» дзейнічае пры адукацыйным цэнтры «100 балаў — Віцебск». Школа і цэнтар дзеляць адно памяшканьне ў цэнтры гораду. У першай палове дня з панядзелка па пятніцу тут займаюцца школьнікі, пасьля 15-й — вучні адукацыйнага цэнтру, для якіх субота і нядзеля таксама «працоўныя».
Сёлета для школы першы навучальны год. Пачынаўся ён офлайн, праз эпідэміялягічную сытуацыю ў краіне завершыцца онлайн. Да пераходу на дыстанцыйнае навучаньне тут пачалі рыхтавацца яшчэ зімой.
На фоне пандэміі тры з шасьці аблвыканкамаў зьнізілі стаўкі адзінага падатку
У Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях удвая зьніжаныя стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асобаў. Як удакладняецца на Нацынальным прававым інтэрнэт-партале, паменшаныя стаўкі будуць дзейнічаць у 2-м і 3-м кварталах гэтага году.
Новыя нормы набылі сілу пасьля афіцыйнага апублікаваньня і распаўсюджваюць сваё дзеяньне на адносіны, якія ўзьніклі ад 1 красавіка 2020 году. Раней Віцебскі аблвыканкам таксама зьнізіў стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асобаў.
Лічбы на 21 траўня
- У сьвеце зафіксавалі каля 5,09 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,59 млн у ЗША, 308,7 тысячы ў Расеі, 293,4 тысячы ў Бразыліі, амаль 279,5 тысячы ў Гішпаніі, каля 248,3 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 227,4 тысячы ў Італіі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 329 732 чалавек. Зь іх 94 941 у ЗША, 35 704 у Вялікай Брытаніі, 32 330 у Італіі, 28 132 у Францыі, 27 888 у Гішпаніі, 18 894 у Бразыліі.
- Выпісалі 2,02 мільёна пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,7 млн, зь іх каля 45,8 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
Як у Беларусі працуе дэзынфармацыя пра COVID-19, — тэзы з дыскусіі Atlantic Council
Амэрыканскі дасьледчы цэнтар Atlantic Council арганізаваў онлайн-дыскусію «Беларусь, Малдова і Ўкраіна: Дэзынфармацыя пра COVID-19 ва Ўсходняй Эўропе». Ад Беларусі ў дыскусіі ўдзельнічаў Андрэй Елісееў, дырэктар EAST Center, кіраўнік аддзелу маніторынгу Міжнароднай стратэгічнай сеткі дзеяньняў для бясьпекі (iSANS). Мы прапануем вашай увазе некаторыя ягоныя ацэнкі сытуацыі ў Беларусі. Чытайце па спасылцы.
«У мяне апускаюцца рукі». Найвялікшую валянтэрскую пляцоўку па шыцьці камбінэзонаў для мэдыкаў у Горадні хочуць закрыць
За месяц у Горадзенскім дзіцячым госьпісе людзі з інваліднасьцю і валянтэры пашылі каля 700 камбінэзонаў, каб засьцерагчы мэдыкаў падчас эпідэміі. Аднак гэтую працу могуць спыніць, а памяшканьне перадаць пад «чыстую зону» для супрацоўнікаў паліклінікі, у будынку якой месьціцца госьпіс. Чытайце артыкул цалкам па спасылцы>>
Дырэктар «Амкадор-Пінск» у рэанімацыі на апараце ШВЛ
Дырэктар ЗАТ «Амкадор-Пінск» Міхаіл Бут-Гусаім знаходзіцца ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх у інфэкцыйным аддзяленьні Пінскай бальніцы, пацьвердзілі Свабодзе ў адміністрацыі прадпрыемства. Яму зрабілі тэст на каранавірус, але вынікаў яшчэ няма. Ён ужо тыдзень як хварэе, а ў лякарні з суботы.
Як паведамілі неафіцыйныя крыніцы, дырэктару стала дрэнна пасьля ўскладаньня кветак на 9 траўня. Цалкам чытайце па спасылцы.
За дзень 918 інфікаваных. Мінздароўя апублікавала афіцыйную статыстыку пра COVID-19 у Беларусі
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 20 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.
Паводле міністэрства, на 20 траўня ў Беларусі:
- агулам 32 426 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 179 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 11 415 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 918 выпадкаў і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 795 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 387 673 тэсты (плюс 12 597 за дзень).
«Хварэюць і мэдыкі, і пацыенты». Што адбываецца ў доме-інтэрнаце для старых і інвалідаў на Гомельшчыне
Ва Ўваравіцкім псыханэўралягічным доме-інтэрнаце для старых і інвалідаў выбух каранавірусу. Так сьцьвярджаюць мясцовыя жыхары і пэрсанал установы. Афіцыйна ў гэтым інтэрнаце сытуацыі не камэнтуюць.
Свабода наведала Ўваравічы пад Буда-Кашалёвам. У самім райцэнтры Гомельскай вобласьці хварэлі супрацоўнікі раённай лякарні. Двое зь іх памерлі — 45-гадовая супрацоўніца «хуткай» і 36-гадовы праграміст установы. Рэпартаж чытайце па спасылцы>>
Кліматолягі зарэгістравалі рэкорднае зьніжэньне выкіду парніковых газаў
Міжнародны цэнтар кліматычных дасьледаваньняў у Осла рэгіструе рэкорднае зьніжэньне колькасьці парніковых газаў у атмасфэры. Толькі за красавік выкіды CO2 упалі на 17%. Да канца году, паводле прагнозаў навукоўцаў, аб’ём усіх парніковых газаў у атмасфэры можа скараціцца на 7%. Гэтае зьніжэньне навукоўцы прыпісваюць скарачэньню прамысловай актыўнасьці на Зямлі з прычыны каранавіруснай пандэміі. Падрабязьней тут.
Міністэрства адукацыі рэкамэндавала школам на выпускных вечарынах абмежавацца ўручэньнем атэстатаў. Без банкетаў
У рэкамэндацыі на сайце Мінадукацыі гаворыцца, што правядзеньне масавых імпрэз абмежаванае празь нездавальняючую эпідэмічную сытуацыю. Адпаведна, па завяршэньні навучальнага году неабходна абмежавацца уручэньнем атэстатаў ва ўрачыстай атмасфэры. Пажаданыя даты — 10-11 чэрвеня.
Канчатковы фармат урачыстасьцяў застаецца за кіраўніцтвам кожнай канкрэтнай установы адукацыі і бацькоўскімі камітэтамі, але ў любым выпадку яго неабходна ўзгадніць зь мясцовымі ўладамі.