З манастыра пад Менскам, дзе на COVID-19 перахварэла палова манашак, зьнялі карантын
Сьвята-Елісавецінскі жаночы манастыр, дзе ў паловы насельніц быў пацьверджаны каранавірус, выйшаў з карантыну. Дазвол атрыманы ад санэпідэмстанцыі.
На сайце манастыра гаворыцца, што ад 20 траўня можна будзе наведваць царкоўныя набажэнствы, адкрыюцца царкоўныя крамы і майстэрні. Прыведзены расклад службаў на найбліжэйшыя дні. Цалкам чытайце тут.
Беларусь атрымае ад ЗША 1,7 мільёна даляраў на барацьбу з каранавірусам
Злучаныя Штаты Амэрыкі выдзелілі Беларусі 1,7 мільёна даляраў на барацьбу з каранавірусам. Сродкі прызначаныя для фінансаваньня лябараторый, актывізацыі выяўленьня выпадкаў COVID-19, узмацненьня эпідэміялягічнага нагляду. Падрабязнасьці чытайце па спасылцы.
У Гомлі журналістаў-фрылансэраў пакаралі штрафамі за апытаньне студэнтаў пра каранавірус
Суд Цэнтральнага раёну Гомля пакараў журналістаў-фрылансэраў Ларысу Шчыракову і Андрэя Толчына за незаконны выраб прадукцыі СМІ штрафам у 945 рублёў кожнага. Журналісты здымалі на відэа апытаньне гомельскіх студэнтаў аб неабходнасьці карантыну ў Беларусі ў сувязі з каранавірусам. Фрылансэраў абвінавацілі ў працы на замежны СМІ без акрэдытацыі ў МЗС. Падрабязнасьці тут.
«Так хутка каранавірус ня скончыцца», — адзін зь лідэраў Akute пра самаізаляцыю па-магілёўску
«Людзі як могуць спрабуюць сябе засьцерагчы. Большая частка тых, каго сустракаю на вуліцы, у масках, пальчатках. Таму наконт „псыхозу“ ня згодны. Што відавочна, дык гэта адсутнасьць праўдзівай інфармацыі». Раман Жыгараў з гурту Akute — пра рэжым самаізаляцыі. Інтэрвію з музыкам чытайце па спасылцы.
САЗ пракамэнтавала эфэктыўнасьць пераліваньня плязмы
Эфэктыўнасьць выкарыстаньня плязмы перахварэлых COVID-19 для лячэньня эпідэміі будзе ўстаноўлена падчас дадатковых дасьледаваньняў. Пра гэта ТАСС заявіла прадстаўніца Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (САЗ) у Расеі Мэліта Вуйнавіч.
«Каштоўнасьць выкарыстаньня плязмы пры лячэньні COVID-19 можа быць устаноўленая толькі ў рандамізаваных, клінічных дасьледаваньнях, — адзначыла Вуйнавіч. — Наколькі мне вядома, у цяперашні час публікуюцца толькі справаздачы назіраньняў або інфармацыя па невялікіх сэрыях выпадкаў. Неабходныя дадатковыя дасьледаваньні».
Першыя 6 беларусаў, якія перахварэлі на COVID-19, сталі донарамі плязмы напрыканцы красавіка. Гэта дапаможа лячыць тых хворых з каранавірусам, якія цяпер знаходзяцца ў цяжкім стане, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
У Сынгапуры асудзілі на сьмерць падчас відэаканфэрэнцыі
Суд у Сынгапуры асудзіў 37-гадовага малайзійца на сьмерць за ўдзел у гандлі наркотыкамі. Судовае разьбіральніцтва адбывалася празь відэасувязь з прычыны каранавіруснай бясьпекі.
Пра гэта паведаляе агенцтва Reuters, удакладняючы, што справа слухалася 15 траўня празь відэасувязь на плятформе Zoom.
Скаргу расейскіх мэдыкаў на адсутнасьць выплат кваліфікавалі як экстрэмізм
У Абінскім раёне Краснадарскага краю паліцыя папярэдзіла мэдыкаў аб недапушчальнасьці «экстрэмісцкай дзейнасьці». Так назвалі скаргу мэдработнікаў на адсутнасьць выплат, якія паабяцаў Пуцін.
Выданьне Znak.com паведаміла, што супрацоўнікі станцыі хуткай дапамогі Абінскай цэнтральнай раённай лякарні накіравалі відэазварот журналістам з групы «Хуткая журналісцкая дапамога». Да яго запісу з мэдыкамі Абінскай лякарні сустракаўся галоўны ўрач Павел Ісаеў. Аднак мэдыкі не прынялі яго тлумачэньняў.
У відэазвароце да журналістаў 9 работнікаў станцыі хуткай дапамогі заявілі, што абяцаныя прэзыдэнтам выплаты на 18 траўня 2020 году ім не пералічаныя, а кіраўніцтва лякарні спрабуе іх пераканаць, што ніякія выплаты ім не прадугледжаны.
Мэдыкі 30-й паліклінікі Менску таксама абураліся, што не атрымалі абяцаных выплат за працу з пацыентамі з COVID-19, а тыя, хто сам перахварэў, не атрымалі кампэнсацыі.
Эўракамісар Вархей: выкліканы COVID-19 крызіс паказаў зьмены ў падыходзе Беларусі да стасункаў з Эўразьвязам
«Цяпер у Беларусі зьявілася ўнікальная магчымасьць, — заявіў эўракамісар у пытаньнях суседзтва і пашырэньня Олівэр Вархей 19 траўня на слуханьні ў камітэце замежных спраў Эўрапарлямэнту. — Праз выкліканы COVID-19 крызіс мы бачым узьнікненьне зусім іншага падыходу ў краіне ў дачыненьні да Эўразьвязу. Урад працуе з намі, у нас ужо было некалькі кантактаў».
Ён адзначыў, што Беларусь зьвярнулася да Эўразьвязу з просьбай аб макрафінансавай дапамозе для барацьбы з эканамічнымі наступствамі пандэміі каранавірусу.
«Мы стараемся дапамагчы, — сказаў Вархей. — На жаль, яны пакуль не змаглі дамовіцца з МВФ аб дапамозе. Гэта для нас адна з абавязковых перадумоў для даваньня дапамогі.
Але, як толькі дамовяцца і як толькі мы дамовімся аб канкрэтных умовах, тады мы, вядома ж, неадкладна дамо макрафінансавую дапамогу. І я лічу, што гэта гістарычная магчымасьць паспрабаваць стварыць станоўчы імпульс у нашых адносінах».
Лічбы на 20 траўня
- У сьвеце зафіксавалі амаль 4,99 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,57 млн у ЗША, 300 тысяч у Расеі, 278,8 тысячы ў Гішпаніі, амаль 272 тысячы ў Бразыліі, каля 248,8 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 226,7 тысячы ў Італіі, 180,8 тысячы ў Францыі, 177,8 тысячы ў Нямеччыне, 151,6 тысячы ў Турэччыне, 124,6 тысячы ў Іране, 106,9 тысячы ў Індыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 324 958 чалавек. Зь іх 93 533 у ЗША, 35 341 у Вялікай Брытаніі, 32 169 у Італіі, 28 022 у Францыі, 27 778 у Гішпаніі, 17 983 у Бразыліі.
- Выпісалі 1,96 мільёна пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,7 млн, зь іх каля 45,5 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
Бразылія выйшла на трэцяе месца ў сьвеце па колькасьці інфікаваных каранавірусам
За апошнія дні Бразылія абагнала па ліку заражэньняў Гішпанію, Італію, Францыю і Вялікабрытанію. Пры гэтым экспэрты падазраюць, што інфікаваных у краіне больш у 15 разоў. Прэзыдэнт краіны Жаір Балсанару адмаўляе небясьпеку, выкліканую каранавірусам.
Па афіцыйных дадзеных, у краіне зафіксавана 254 220 выпадкаў заражэньня, прычым за апошнія 24 гадзіны было зафіксавана 13 140 новых заражэньняў.
Па маштабе пандэміі Бразылія саступае толькі Расеі і ЗША і ў апошнія дні абагнала Гішпанію, Італію, Францыю і цяпер Вялікабрытанію. Пры гэтым, як паведамляе агенцтва AFP, рэальная колькасьць заражаных у лацінаамэрыканскай краіне можа быць вышэй у 15 разоў з прычыны адносна малой колькасьці тэстаў.
Адмянілі сёлетні фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладзечне
У Маладэчне адмянілі нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі, які праводзіўся з 1993 году. Пра гэта піша «Рэгіянальная газэта» са спасылкай на маладачанскі палац культуры.
Штогадовы нацыянальны фэстываль беларускай песьні і паэзіі ў Маладзечне ў 1993 годзе заснаваў тагачасны мэр горада Генадзь Карпенка.
Шэнген падчас пандэміі: куды ўжо можна зьвяртацца беларусам
- 21 траўня візавы цэнтар Італіі ў Менску адновіць прыём заявак на ўсе тыпы кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў — турызм, дзелавая ды іншыя. Філіяў у Берасьці і Гомлі гэта пакуль ня тычыцца.
- 11 траўня часткова аднавілі дзейнасьць у Менску, Берасьці і Горадні візавыя цэнтры Польшчы. Дакумэнты на візу могуць падаваць уладальнікі дазволу на працу ў Польшчы, у тым ліку сэзоннага характару, уладальнікі карты паляка і кіроўцы-міжнароднікі).
- З абмежаваным колам заяўнікаў працуе амбасада Латвіі.
- У выключных выпадках абслужаць наведнікаў у кансуляце Літоўскай Рэспублікі.
Падрабязнасьці аб тым, хто і як можа падаць дакумэнты на візу, чытайце тут.
Symbal.by папрасіў дапамогі: скончыліся грошы на пашыў павязак мэдыкам
Беларуская крама Symbal.by расказала 19 траўня, што больш ня мае сродкаў, каб набываць тканіну і працягваць шыць засьцерагальныя маскі для мэдыкаў. Збор сродкаў на вытворчасьць павязак «амаль ня рухаецца», піша крама і просіць па магчымасьці ахвяраваць грошы.
На момант публікацыі на Molamola сабралі 16 тысяч рублёў зь неабходных 20 тысяч. Цалкам чытайце тут.
Абвяшчэньне ляўрэата міжнароднай Букераўскай прэміі перанесьлі з прычыны пандэміі
Арганізатары паведамляюць, што абвяшчэньне ляўрэата міжнароднай Букераўскай прэміі за 2020 год адкладаецца да «канца лета», каб «чытачы маглі атрымаць кнігі, якія трапілі ў кароткі сьпіс». Пандэмія COVID-19 — галоўная прычына адкладваньня абвяшчэньня, якое мелася адбыцца 19 траўня, паколькі яна моцна парушыла сыстэму кніжнага распаўсюджваньня.
Шорт-ліст быў абвешчаны ў пачатку красавіка, у яго ўвайшлі шэсьць раманаў:
- Шукуфэ Азар. «Зьзяньне алычовага дрэва» (Іран)
- Габрыэля Кабэсон Камара. «Прыгоды Чайны Айран» (Аргентына)
- Даніель Кельман. «Тыль» (Нямеччына)
- Фэрнанда Мэльчор. «Сэзон ураганаў» (Мэксыка)
- Ёка Огава. «Паліцыя памяці» (Японія)
- Марыке Лукас Рэйнэвэлд. «Дыскамфорт вечара» (Нідэрлянды)
Лукашэнка расказаў калегам з ЭАЭС, як Беларусь цярпіць ад карантыну, абвешчанага суседзямі
«Працяглыя карантыны і самаізаляцыя насельніцтва выразна паказалі, што нават у звышдзяржаваў няма запасу трываласьці, які дазваляе ва ўмовах закрытых межаў і непрацуючых прадпрыемстваў значны час утрымліваць нацыянальныя эканомікі», — цытуе выступ Лукашэнкі падчас сустрэчы Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету БелТА. Цалкам чытайце тут.
Колькасьць выпадкаў інфікаваньня каранавірусам у Расеі наблізілася да 300 000
У Расеі за суткі выявілі 9263 інфікаваных каранавірусам, сьведчыць статыстыка апэратыўнага штабу барацьбы з пашырэньнем каранавіруснай інфэкцыі. Агульная колькасьць выяўленых выпадкаў ад пачатку ўспышкі наблізілася да 300 тысячаў і склала 299 941.
Чацьвёртыя суткі запар, сьцьвярджае афіцыйная статыстыка, выяўляецца менш за дзесяць тысяч інфікаваных. Колькасьць памерлых ад каранавірусу за дзень, паводле афіцыйных дадзеных, склала 115, за ўвесь час — 2837. Ачуняў за суткі 5921 чалавек, а ўсяго 76 130.
«Піў лімонна-імбірны сок і ўрэшце паправіўся». Як прэзыдэнт Танзаніі не зважае на каранавірус
Вядомы сваімі супярэчлівымі выказваньнямі прэзыдэнт Танзаніі Джон Магуфулі заявіў, што эканоміка «важнейшая, чым пагроза, якую ўяўляе каранавірус», дадаўшы, што ён хоча зноў адкрыць краіну для турызму, нягледзячы на папярэджаньні, што Афрыка можа сутыкнуцца з наступнай хваляй хваробы. Пра гэта паведамляе брытанскае выданьне The Guardian. Цалкам чытайце тут.
У сувязі з пандэміяй ураду Беларусі прапанавалі праект пастановы, якая дазваляе інтэрнэт-гандаль алькаголем
Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць да канца 2020 году атрымаць права гандляваць алкагольнымі напоямі праз інтэрнэт-крамы.
Адпаведны праект пастановы ўраду, зь якім азнаёміўся БелаПАН, падрыхтавала Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. У абгрунтаванні гаворыцца, што гэта зьвязана «зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй». Цалкам чытайце тут.
«Гэта быў канец сьвету». Чатыры гісторыі пра тое, як каранавірус пазбавіў беларусаў працы
Улады Беларусі ня ўводзяць абавязковага карантыну ў сувязі з пандэміяй, аднак і бяз гэтага яна моцна ўплывае на гаспадарку краіны.
Мы выслухалі чатыры гісторыі пра тое, як каранавірус пазбавіў беларусаў працы. Чытайце па спасылцы.
Бэрлін і Парыж прадставілі плян аднаўленьня эканомікі Эўразьвязу на 500 мільярдаў эўра
Эўракамісіі прапаноўваецца пазычыць на фінансавых рынках 500 мільярдаў эўра пад гарантыі Эўразьвязу. Брусэль раздасьць гэтыя сродкі пацярпелым ад пандэміі краінам. Кампэнсаваць выдаткі плянуецца зь бюджэту Эўразьвязу. Далей чытайце па спасылцы.