«Калі б сына шпіталізавалі, ён бы застаўся жывы». Сьвятар патрабуе пакараць лекараў за сьмерць сына з COVID-19
Сьвятар Васіль Гасінец просіць Міністэрства аховы здароўя правесьці службовую праверку ў сувязі са сьмерцю 36-гадовага сына Андрэя, у якога выявілі COVID-19. Скаргу айцец Васіль аднёс у Міністэрства больш як тыдзень таму. Ён лічыць, што лекары паліклінікі № 28, да якіх некалькі разоў зьвяртаўся сын, занадта доўга яго не шпіталізавалі і павінны быць за гэта пакараныя.
«Сын некалькі разоў хадзіў у паліклініку, некалькі разоў лекар прыходзіў дадому, але яго не шпіталізавалі, — кажа айцец Васіль. — Мы зь ім жылі ў адной кватэры і захварэлі адначасова. Мяне шпіталізавалі, у мяне была пнэўманія і каранавірус. А сын яшчэ заставаўся дома, прычым сымптомы ў яго былі цяжэйшыя, чым у мяне». Цалкам чытайце тут.
У Беларусі плюс 32% хворых на каранавірус за два тыдні. У заходніх суседзяў — менш за 25%. Пандэмія ў Беларусі і ў суседзяў. Інфаграфіка
Свабода падлічыла прырост хворых на каранавірус у Беларусі і ў суседзяў з 13 траўня.
Агульная колькасьць новых выпадкаў выглядае наступным чынам:
- Расея +33%
- Беларусь +32%
- Украіна +23,9%
- Польшча +21,9%
- Латвія +9,6%
- Літва +8%
Беларусь ужо месяц на другім месцы па прыросьце хворых на каранавірус з усіх суседзяў. Найлепшы паказчык у Літвы. Па агульнай колькасьці выпадкаў Беларусь абганяе ўсіх суседзяў, апроч Расеі.
Як паменшыць небясьпеку заразіцца каранавірусам у гасьцях? Парады
Свае парады на гэты конт дае ў газэце The New York Times Эрын Бромаж, прафэсар біялёгіі ва Ўнівэрсытэце штату Масачусэтс. Яго блог «Рызыкі — ведай іх — пазьбягай іх» прагледзелі больш за 17,5 мільёна чалавек.
Паводле Эрына Бромажа, трэба загадзя скласьці сабе невялікі сьпіс правілаў для такога гасьцяваньня падчас пандэміі і потым імкнуцца датрымлівацца іх. У прыватнасьці, варта:
- запрашаць у госьці толькі сваякоў;
- калі нельга абысьціся толькі сямейнікамі, запрашаць як мага менш іншых людзей;
- рабіць гасьціну ў адкрытай прасторы, а не ў памяшканьні;
- паставіць два сталы — адзін зь ежай для сям’і, другі для вонкавых гасьцей;
- карыстацца аднаразовымі сталовымі прыборамі і посудам, калі гэта магчыма;
- забясьпечыць свабодны і зручны доступ да месца, дзе можна мыць рукі;
- пераканаць гасьцей, каб прыйшлі са сваёй ежай, за выняткам смажаніны;
- не падаваць ежы, якую трэба набіраць непасрэдна рукамі;
- падаваць ежу з грыля;
- захоўваць фізычную адлегласьць;
- надзяваць маскі для даўжэйшых размоваў;
- стварыць фізычныя бар’еры з крэслаў і сталоў, каб госьці, падвыпіўшы, не падыходзілі заблізка адно да аднаго;
- пастарацца даць занятак дзецям, каб яны як мага менш сутыкаліся з дарослымі гасьцямі.
«Цяпер выпадак асаблівы». Лукашэнка адрэагаваў на рост інфляцыі ў Беларусі падчас пандэміі
Аляксандар Лукашэнка даручыў ураду прааналізаваць сытуацыю з цэнамі на тавары і выпраўляць яе, калі на нейкія пазыцыі будзе неабгрунтаваны рост, паведамляе АНТ.
«Мы ўжо з вамі ў рынку нямала прапрацавалі і разумеем, што рынак далёка ня ўсё і не заўсёды рэгулюе. Але цяпер выпадак асаблівы. І паглядзіце: вельмі прасунутыя ў рынкавых адносінах краіны хуценька і межы закрылі, Расея нават паліва ўжо забараніла ўвозіць на ўнутраны рынак. Вось вам і ўвесь рынак», — заявіў ён.
Як Кітай узмацніў сыстэму сачэньня за людзьмі падчас пандэміі
Кітай спрабуе пабудаваць адну з самых тэхналягічна складаных сетак назіраньня ў сьвеце з сотнямі мільёнаў камэраў у грамадзкіх месцах і штораз шырэйшым выкарыстаньне такіх мэтадаў, як маніторынг смартфонаў і распазнаваньне твару, піша Reuters, падкрэсьліваючы, што пандэмія COVID-19 дала кітайскім уладам зручнае апраўданьне для ўзмацненьня сыстэмы сачэньня за сваімі грамадзянамі ва ўмовах «агульнай народнай вайны з каранавірусам». Цалкам чытайце тут.
Як у Беларусі вяртаць грошы за скасаваныя туры
Міністэрства спорту і турызму Беларусі патлумачыла на сваім сайце, як можна вяртаць грошы за туры, скасаваныя праз пандэмію каранавірусу, са спасылкай на асобныя пункты заканадаўства.
Нягледзячы на сытуацыю з COVID-19, дамовы на турыстычныя паслугі разрываюцца ў агульным парадку, але праз пункты аб «істотных зьменах абставінаў», да якіх адносяцца і пандэміі.
Пры тым хвароба таго, хто замаўляў тур, таксама як хвароба родзічаў замоўніка, не адносіцца аўтаматычна да «істотных зьменаў абставінаў», бо «залежыць ад характару захворваньня».
Апублікавалі афіцыйную статыстыку COVID-19 у Беларусі на 26 траўня
Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА апублікавала 26 траўня новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19. Міністэрства аховы здароўя пакуль не паведамляла новую статыстыку.
Паводле БелТА, на 26 траўня:
- зафіксавалі 38 059 выпадкаў COVID-19 (+915 за дзень);
- прызналі 208 сьмерцяў інфікаваных (+4 за дзень);
- выпісалі здаровымі 15 086 пацыентаў (+637 за дзень);
- правялі 472 906 тэстаў на новы каранавірус (+9902 за дзень).
Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі міністэрства здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы ейнага міністэрства няспынна расьце.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства здароўя стала заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
На Магілёўшчыне зафіксавалі першую сьмерць ад каранавірусу
У вёсцы Пудаўня Дрыбінскага раёну памерла 70-гадовая жанчына, у якой была выяўленая каранавірусная інфэкцыя і шэраг хранічных захворваньняў. Яе сьмерць стала першай вядомай на Магілёўшчыне ад COVID-19.
У Дрыбінскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі кажуць, што ў Пудаўні (33 кілямэтры ад Магілёва) зафіксаваныя некалькі выпадкаў заражэньня мясцовых жыхароў каранавірусам. Пацьвярджаюць і сьмерць жанчыны ад COVID-19.
«Яна была немаладая жанчына. Ёй было 70 гадоў. Цукровы дыябэт мела і ўсе спадарожныя яму хваробы», — тлумачаць сытуацыю дрыбінскія эпідэміёлягі.
Жанчыну шпіталізавалі ў Магілёў, дзе яна знаходзілася на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Памерла ў шпіталі на мінулым тыдні. У вёсцы жыла адна і позна з хваробай зьвярнулася да мэдыкаў, бо лічыла, што гэта звычайная прастуда.
«Росатом» зафіксаваў 100 выпадкаў заражэньня каранавірусам на БелАЭС
«Ёсьць адзін выпадак захворваньня ў Эгіпце. Зафіксавалі станоўчыя тэсты на беларускай пляцоўцы — каля 100 інцыдэнтаў станоўчых тэстаў. А гэты праект у нас сёньня ў прыярытэце. Там ня толькі нашы работнікі, але і прадстаўнікі беларускага замоўніка. Усе карантынныя захады выконваюцца, але я прашу дадаткова ўзмацніць працу. У нас самая гарачая пара — цягам наступных тыдняў плянуем атрымаць ліцэнзію і выйсьці на фізычны пуск, пры гэтым максымальна абараняючы і засьцерагаючы пэрсанал»,— сказаў кіраўнік карпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў.
У сувязі з каранавірусам у беларускія ЗАГСы забаранілі запрашаць больш за 10 гасьцей
Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову «Аб захадах у прадухіленьні распаўсюду інфэкцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19».
Захадаў усяго пяць:
- пагаджальныя нарады Савету Міністраў праводзіць празь відэаканфэрэнцыі;
- рэгістраваць акты грамадзянскага стану ў прысутнасьці «мінімальнай колькасьці гасьцей», ня больш за 10 чалавек (дакладную колькасьць вызначае «ўпаўнаважаная асоба» органу рэгістрацыі);
- узгадненьне найменьняў камэрцыйных і некамэрцыйных арганізацыяў не праводзіць пры асабістай прысутнасьці заяўніка і не патрабаваць асабістай падачы дакумэнтаў;
- не патрабаваць асабістай падачы дакумэнтаў і асабістай прысутнасьці для атрыманьня зьвестак з Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў;
- скасаваць пастанову аб зацьвярджаньні «Палажэньня аб правядзеньні маніторынгу выкананьня натарыюсамі заканадаўства аб натарыяце».
Як унукам у пандэмію пабачыцца з бабуляй і дзядулем? Парады
Пандэмія аддзяліла многіх бабуль і дзядуляў ад унукаў. Газэта The New York Times сабрала парады спэцыялістаў, як бясьпечна арганізаваць сустрэчы найстарэйшага і наймалодшага пакаленьняў адной сям’і. Свабода прыводзіць пераказ гэтых парадаў.
Гідроксіхлёрахін не дапамагае ад каранавірусу, WHO спыніць выпрабаваньні
Прэпарат, які прымаў Дональд Трамп і маглі ўжываць беларускія мэдыкі, не дапамагае супраць каранавірусу, але можа павысіць рызыку сьмерці сярод пацыентаў з COVID-19, хоць для пацыентаў з аўтаімуннымі захворваньнямі або малярыяй ён бясьпечны.
Група «Салідарныя дасьледаваньні», у якую ўваходзілі сотні лякарняў па ўсім сьвеце, якія рэгістравалі пацыентаў для тэставаньня некалькіх магчымых спосабаў лячэньня каранавірусу, прыпыніла выпрабаваньні з выкарыстаньнем гэтага прэпарату ў якасьці засьцярогі.
Лічбы на раніцу 26 траўня
- У сьвеце зафіксавалі звыш 5,59 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,706 млн у ЗША, звыш 376,5 тысячы ў Бразыліі, каля 353,5 тысячы ў Расеі, 282,5 тысячы ў Гішпаніі, 261 тысячу ў Вялікай Брытаніі, 230 тысяч у Італіі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 347,9 тысячы чалавек. Зь іх 99 805 у ЗША, 36 914 у Вялікай Брытаніі, 32 877 у Італіі, 28 432 у Францыі, 26 837 у Гішпаніі, 23 522 у Бразыліі.
- Выпісалі 2,366 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 2,875 млн, зь іх каля 53 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
У Нідэрляндах норкі заразілі каранавірусам двух чалавек
Норкі-носьбіты вірусу былі выяўленыя на чатырох з 155 фэрмах, дзе іх гадуюць дзеля футра. Было выяўлена, што на трох з чатырох заражаных фэрмаў крыніцай інфэкцыі быў хворы чалавек, а на чацвёртай усё яшчэ вядзецца расьсьледаваньне,
У красавіку і траўні 83 тысячы чалавек сутыкнуліся з вымушанай няпоўнай занятасьцю. За ўвесь 2019 год — 71 тысяча
У красавіку 2020 году з вымушанай няпоўнай занятасьцю сутыкнуліся каля 71 тысячы работнікаў, у траўні гэтая лічба вырасла да 83 тысяч, сказала Onliner намесьніца старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч. Для параўнаньня, за ўвесь 2019 год зь няпоўнай занятасьцю сутыкнуліся 71 тысяча работнікаў.
У першыя два тыдні траўня
- у сацыяльныя адпачынкі адправілі 16 тысяч работнікаў,
- ва ўмовах няпоўнай занятасьці працавалі крыху больш за 23 тысячы чалавек,
- на прастоі ад 1 да 10 дзён знаходзіліся амаль 44 тысячы работнікаў.
У красавіку
- 29 тысяч работнікаў не працавалі ад 1 да 10 дзён,
- 28 тысяч чалавек былі ў вымушаных адпачынках без захаваньня або з частковым захаваньнем заробкаў,
- каля 14 тысяч чалавек працавалі ў рэжыме няпоўнай занятасьці.
Ці не перахварэў я ўжо на COVID бессымптомна?
Колькі людзей перахварэлі на COVID-19, ня маючы сымптомаў? Ці атрымліваюць яны пасьля гэтага імунітэт? Калі так, то на як доўга?
Гішпанія ад 1 ліпеня здыме карантын для замежных турыстаў
У адпаведнасьці зь цяперашнімі абмежаваньнямі, наведнікі з-за мяжы, уяжджаючы ў Гішпанію, павінны самаізалявацца на працягу двух тыдняў, каб не дапусціць пашырэньня каранавірусу.
Дзьве сотні прызнаных сьмерцяў. Апублікавалі афіцыйную статыстыку COVID-19 у Беларусі на 25 траўня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 25 траўня ў Беларусі:
- агулам 37 144 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 204 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 14 449 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 946 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 294 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 464 004 тэсты (12 377 за дзень, што на 3632 менш за рэкордную колькасьць тэстаў, названую днём раней);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі міністэрства здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы ейнага міністэрства няспынна расьце.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства здароўя стала заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
Беларускі турбізнэс зьвярнуўся да міністра здароўя па тлумачэньні, як працаваць падчас пандэміі
Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый зьвярнуўся да міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка з просьбай растлумачыць пытаньні арганізацыі выязнога, уязнога і ўнутранага турызму падчас пандэміі.
У саюзе просяць:
- патлумачыць арганізацыю ўнутраных групавых паездак для мясцовых турыстаў (як і ці будзе арганізавана дыстанцыяваньне на турыстычных аб’ектах паказу і ці неабходная такая дыстанцыя пры рассаджваньні турыстаў у экскурсійных аўтобусах; ці патрэбны нейкія адмысловыя рэкамэндацыі для ўязных турыстаў)
- даць беларускім фірмам, якія займаюцца ўязным турызмам, дакладныя інструкцыі — як наконт самаізаляцыі, так і аб іншых тэхнічных момантах, зьвязаных са здароўем гасьцей Беларусі (у тым ліку ў сувязі з абавязковым 14-дзённым карантынам для ўсіх, хто прыбывае з-за мяжы).
- для кампаній, якія займаюцца выязным турызмам, актуальнае пытаньне, ці можна будзе арганізаваць правядзеньне тэстаў на COVID-19 і выдачу даведак (на платнай ці бясплатнай аснове, дзяржаўнымі і прыватнымі клінікамі) турыстам, якія едуць у краіны, дзе пры ўезьдзе патрабуюць даведкі аб адсутнасьці каранавірусу.
- беларускія гатэлі сёньня могуць толькі глядзець на досьвед замежных калегаў, якія зацьвярджаюць новыя пратаколы прыёму турыстаў — загрузка, харчаваньне, арганізацыя абслугоўваньня і сэрвісу, але ім патрэбны рэкамэндаваныя меры ў гэтым выпадку.
«Хаджу пешшу, пішу на Facebook». Найстарэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда пра самаізаляцыю
Вядомы апазыцыянэр Барыс Хамайда цягам 23 гадоў амаль штодня выходзіў у цэнтар Віцебску і распаўсюджваў незалежную прэсу. Ён стаяў у адным і тым жа месцы каля «сіняга дома» — так віцябляне называюць будынак насупраць амфітэатра, які доўгі час быў пафарбаваны ў насычаны сіні колер, хаця дом ужо зь дзясятак гадоў белы. Сёлета Барыс Хамайда абвясьціў карантын і ўжо два месяцы знаходзіцца ў самаізаляцыі. Свабода пацікавілася, чым ён займаецца дома. Чытайце інтэрвію па спасылцы.