«На ШВЛ татка прабыў паўгадзіны да сьмерці». Жыхар Гомля лячыў анкалёгію і заразіўся COVID-19
Жыхар Гомля Яўген Якавенка плянава лячыў анкалёгію і заразіўся ў шпіталі COVID-19. Яго пераводзілі са шпіталя ў шпіталь, ён трапіў у рэанімацыю, расказаў Свабодзе сын нябожчыка Яўген Якавенка (малодшы). «Татка толькі паўгадзіны пабыў на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ) — і яго ня стала. Каб не каранавірус — ён бы жыў». Яўгену Якавенку (старэйшаму) было 68 гадоў. Чытайце гісторыю Яўгена па спасылцы.
Беларусь у лідэрах распаўсюду COVID-19: 22-я ў сьвеце па выяўленых выпадках, 16-я ў выпадках на душу насельніцтва
Афіцыйна прызнаныя 38 956 выпадкаў COVID-19 у Беларусі — 22-е месца ў сьвеце паводле распаўсюду новага каранавірусу. Беларусь ужо абагнала Швэцыю, Партугалію, Швайцарыю, Польшчу, Украіну і многія іншыя эўрапейскія краіны.
Паводле колькасьці выпадкаў на душу насельніцтва Беларусь на 16-м месцы ў сьвеце і 10-м у Эўропе: 4140 выпадак на мільён чалавек. Калі адкінуць мікрадзяржавы з насельніцтвам менш за 100 тысяч чалавек (Сан-Марына, Ватыкан, Андору і Гібральтар), Беларусь становіцца на 12-е месца ў сьвеце і 6-е ў Эўропе паводле распаўсюду COVID-19 на душу насельніцтва.
Пры тым у Беларусі прызналі толькі 214 сьмерцяў (22,75 на мільён), і гэта толькі 67-е месца ў сьвеце і 37-е ў Эўропе (менш у Баўгарыі, Грэцыі, Мальце, Украіне, Чарнагорыі, Латвіі, Альбаніі і Славакіі). Паводле суадношаньня прызнаных сьмерцяў да выяўленых выпадкаў COVID-19 Беларусь на 17-м месцы ў сьвеце (без уліку краінаў, дзе не прызналі ніводнай сьмерці).
«За нашу бязьдзейнасьць падчас пандэміі заплацяць жанчыны і дзеці», — прэзыдэнтка Эстоніі
Прэзыдэнтка Эстоніі Кэрсьці Кальюлайд разам з былой прэм’ер-міністаркай Новай Зэляндыі Гэлен Кларк, міністрам здароўя Мэксыкі Хорхэ Алькасэрам Варэля і былым чальцом праўленьня Партнэрства ў ахове здароўя маці, нованароджаных і дзяцей САЗ Грасай Машэл прааналізавалі наступствы эпідэміі каранавірусу ў калёнцы на сайце САЗ.
На думку чацьвярых аўтараў, у першую чаргу пандэмія прывядзе да росту дзіцячай сьмяротнасьці, ад 42 да 66 мільёнаў дзяцей апынуцца ў сытуацыі крайняй галечы па ўсім сьвеце. Асноўныя тэзісы і высновы чытайце па спасылцы.
Беларусам прапануюць далучыцца да глябальнага вывучэньня ўплыву каранавірусу на фізычнае і псыхічнае здароўе
Як адзначаюць ініцыятары глябальнай дасьледчай кампаніі, да супольнай справы далучыліся амаль 200 навукоўцаў з больш як 40 дзяржаваў. Ад беларускага боку ў праекце задзейнічаны псыхатэрапэўт Алег Айзбэрг.
Веды, атрыманыя ў выніку дасьледаваньня, дапамогуць больш эфэктыўна падтрымліваць людзей падчас эпідэмій, а таксама вызначыць, хто больш уразьлівы да праблемаў, зьвязаных зь фізычным і псыхічным здароўем. Цалкам чытайце тут.
У Беларусі за дзень выпісалі рэкордную колькасьць пацыентаў, у якіх быў COVID-19. Але колькасьць «актыўных выпадкаў» усё роўна расьце
«Актыўныя выпадкі» COVID-19 у Беларусі (інфікаваныя мінус памерлыя мінус выпісаныя):
Паводле афіцыйнай статыстыкі на 27 траўня, за мінулы дзень выпісалі здаровымі рэкордную колькасьць людзей — 837 пацыентаў, хоць за дзень да таго — 637, а за два дні да таго — толькі 294. Пры тым за дзень прызналі толькі 897 выпадкаў і 6 сьмерцяў. Такім чынам, за дзень афіцыйная колькасьць «актыўных выпадкаў» вырасла толькі на 54, хоць да таго расла штодзень на некалькі сотняў.
Калі ў краіне на працяглы час перастае расьці колькасьць «актыўных выпадкаў», кажуць пра «выхад на плято». Аляксандар Лукашэнка заяўляў пра гэта яшчэ 21 траўня, калі за дзень прызналі павелічэньне «актыўных выпадкаў» на 297.
Пра тое, што «мы на піку» распаўсюду каранавірусу, Лукашэнка заяўляў яшчэ 31 сакавіка, калі ў Беларусі зафіксавалі 152 інфікаваных і прызналі толькі адну сьмерць інфікаванага. З таго часу колькасьць выяўленых выпадкаў вырасла ў 256 разоў.
Прызналі шэсьць сьмерцяў за дзень. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 27 траўня
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 27 траўня ў Беларусі:
- агулам 38 956 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 214 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 15 923 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 897 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 837 чалавек (рэкорд за ўвесь час);
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 485534 тэсты (12 628 за дзень, хоць тры дні таму паведамлялі пра 16 тысяч новых тэстаў, два дні таму — пра 12 тысяч, дзень таму — 9902);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы ейнага міністэрства няспынна расьце.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства здароўя стала заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
1 ліпеня Грузія плянуе адкрыць свае межы для турыстаў
Улады Грузіі абвясьцілі пра этапы зьняцьця абмежаваньняў, уведзеныя ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Прэм’ер-міністар Грузіі Георгій Гахарыя сказаў, што грамадзкі транспарт, у тым ліку мэтро, будзе запушчаны 29 траўня. Ён дадаў, што маскі будуць абавязковымі.
Паводле яго, з 1 чэрвеня адчыняцца ўсе крамы, уключаючы гандлёвыя цэнтры і рэстарацыі на адкрытым паветры. А з 8 чэрвеня рэстарацыі змогуць аднавіць поўную працу.
Таксама адчыняцца гатэлі, якія пройдуць праверку Міністэрства аховы здароўя. З 8 чэрвеня ў краіне будзе запушчаны міжгародні транспарт. З 1 ліпеня Грузія плянуе адкрыць свае межы для турыстаў.
Колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў Грузіі сёньня складае 735. За апошнія суткі ў краіне былі выяўленыя 3 новыя выпадкі.
Трэцяя сьмерць мэдыка ў Барысаве. Санітар памёр ад пнэўманіі на наступны дзень пасьля шпіталізацыі
Уладзімер Фралоў працаваў санітарам у брыгадзе хуткай дапамогі ў Барысаве. 18 траўня яго шпіталізавалі з падазрэньнем на інфаркт, а на наступны дзень ён памёр у рэанімацыі. Выявілася, што прычынай сьмерці стала пнэўманія. Калегі мяркуюць, што санітар быў хворы на COVID-19.
60-гадовы Ўладзімер Фралоў больш за 20 гадоў працаваў на станцыі хуткай дапамогі ў Барысаве. Спачатку кіроўцам, а ў апошнія гады — санітарам. Пра гэта Свабодзе расказаў знаёмы Ўладзімера, мэдык з цэнтральнай раённай лякарні ў Барысаве.
Падчас эпідэміі каранавірусу Ўладзімер працаваў у брыгадзе, якая перавозіла пацыентаў на машыне хуткай дапамогі. Тых, хто меў пацьверджаны COVID-19, ягоная брыгада не перавозіла. Аднак гэта не выключае магчымага кантакту з інфікаванымі каранавірусам, сказаў мэдык з Барысава ў размове з карэспандэнтам Свабоды.
27 траўня канцэртам гурту Akute завершацца онлайн-вечарыны падчас пандэміі каранавірусу
Рок-гурт з Магілёва на сцэне новай прасторы Vondel Room у галерэі «Ў» разам зь менскімі дыджэямі Red Catz і Mad Mouse. Гэты выступ стане заключным акордам онлайн-фэстывалю VELO_ve Music Fest.
Хэдлайнэры выйдуць на сцэну з 20.00 да 21.00, а да і пасьля канцэрту (19.00 — 22.00) пройдуць dj-cэты ў стылі драм-н-бэйс. Падчас стрыму вядоўца Андрэй Бонд будзе размаўляць з публікай. Можна задаваць пытаньні музыкам у камэнтарах. Трансьляцыя застанецца ў запісе групы арганізатараў.
Адвольнае затрыманьне мірных пратэстоўцаў у Беларусі стварае рызыкі для здароўя, — Human Rights Watch
Як адзначае Human Rights Watch, 6–13 траўня ў Беларусі затрымалі звыш 120 удзельнікаў мірных пратэстаў, апазыцыйных блогераў, журналістаў і крытыкаў уладаў. Нягледзячы на пандэмію каранавірусу, суды прызначалі ім да 25 сутак арышту.
«Новая хваля беспадстаўных арыштаў у Беларусі выклікае асаблівую трывогу ў сьвятле пандэміі COVID-19, — кажа Таня Лакшына, намесьніца дырэктара Human Rights Watch па Эўропе і Цэнтральнай Азіі. — Людзей у прынцыпе нельга браць пад арышт за ўдзел у мірных пратэстах, і ўжо зусім недапушчальна ствараць для іх павышаную рызыку заражэньня сьмяротна небясьпечнай інфэкцыяй».
Human Rights Watch зьвязалася з трыма актывістамі пасьля іх выхаду з-пад арышту. Сем'і дваіх з суразмоўцаў больш за дзень не маглі высьветліць іх месцазнаходжаньне.
У аднаго зь іх, Сяргея Пятрухіна, COVID-19 дыягнаставалі празь некалькі дзён утрыманьня пад вартай (яшчэ да зьняволеньня судзьдзя дазволіў выклікаць яму «хуткую», але міліцыя забрала яго ў ізалятар да прыезду брыгады); у другога, Рамана Кісьляка, сымптомы зьявіліся крыху пазьней; трэцяга, Алеся Асіпцова, везьлі з затрыманым, які кашляў і пры гэтым быў бяз маскі.
«Людзей проста кінулі ў кацёл пандэміі». Як Юры Хашчавацкі на самаізаляцыі стварае сатырычную перадачу і піша падручнік дакумэнтальнага кіно
Аўтар фільмаў «Звычайны прэзыдэнт» і «Плошча», рэжысэр-дакумэнталіст Юры Хашчавацкі больш за два месяцы жыве ў рэжыме самаізаляцыі ў сваёй кватэры ў Менску. Хашчавацкі разам з камандай здолелі наладзіць дыстанцыйную працу над сатырычнай перадачай «Экспэрт» на тэлеканале «Белсат». У размове са Свабодай рэжысэр разважае пра тое, як Youtube зьмяняе магчымасьці дакумэнтальнага кіно, і пра высокую цану, якую давядзецца заплаціць беларусам за «злачыннае невуцтва ўлады».
Сьцісла
- Я зразумеў, што ўсе мы можам сябе абараніць, не спыняючы працоўнага цыклю.
- І пішу кнігу пра тое, як рабіць дакумэнтальнае кіно — там шмат прыкладаў, як што рабілася, якія былі праблемы, як яны вырашаліся. Яна падобная да мэмуараў, але гэта падручнік, а не ўспаміны.
- Мне падаецца, што людзі будуць больш аддаваць увагі пытаньням жыцьця і сьмерці, і біялёгія стане адным з найгалоўных прадметаў.
- Часам гляджу на яго, і вочы пашыраюцца ад зьдзіўленьня — сквапнасьць, шалёная крывадушнасьць, бесьперапынная хлусьня.,
У Міністэрстве здароўя расказалі, у якіх рэгіёнах Беларусі эпідэмія ідзе на спад, а ў якіх — не
Па словах першага намесьніка міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Піневіча, у Берасьцейскай вобласьці колькасьць тых, хто захварэў на COVID-19, зьмяншаецца. У Гомельскай вобласьці застаюцца пытаньні, і 27 траўня ён мае намер выехаць туды асабіста.
Таксама падкрэсьліў, што ў Віцебскай вобласьці ўстановы аховы здароўя, якія працавалі з інфікаванымі, пачалі паступова вяртацца да звыклага рэжыму працы. Параўнальна спакойнае становішча назіраецца і ў Магілёўскай вобласьці.
На сайце Міністэрства здароўя таксама паведамляецца, што да плянавага рэжыму вяртаюцца і лякарні ў Менску.
Статыстыка распаўсюду каранавірусу па абласьцях апошні раз публікавалася больш як месяц таму, статыстыку па раёнах не публікавалі ні разу.
Беларускія мытнікі патлумачылі, за што караюць дальнабойнікаў з Расеі
Расейскія дальнабойнікі незадаволеныя «невыканальнымі абмежаваньнямі», якія ўвялі ў Беларусі для транзытных фураў праз каранавірус, і просяць перагледзець патрабаванні. Пра гэта гаворыцца ў лісьце Міністэрства транспарту Расеі.
Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі адрэагаваў на прэтэнзію, запэўніўшы, што часу для транзыту выдзяляецца дастаткова, а «канваяваньне» ужываецца толькі да злосных парушальнікаў закону.
У Літве задумалі «сэртыфікат COVID-19» і тэсты на мяжы для беларусаў
Латвія, Літва і Эстонія адкрылі межы паміж сабой яшчэ 15 траўня. Паводле Delfi, «у сярэдзіне чэрвеня ўжо кажуць аб адкрыцьці межаў зь іншымі краінамі».
На думку дырэктара Цэнтру інфэкцыйных захворваньняў і СНІД Літвы, для адкрыцьця межаў зь іншымі краінамі будзе залежыць ад «двух момантаў»: колькасьці захворваньняў на COVID-19 і выкарыстаньня сучасных тэхналёгіяў.
«Напрыклад, калі казаць пра Беларусь — усё роўна там ёсьць важныя эканамічныя і чалавечыя сувязі, — разважае Чаплінскас. — Чаму б ня ўвесьці пашпарт або сэртыфікат COVID-19? Хочаш праехаць, праверся і пакажы.
Яшчэ адно пытаньне — я думаю, што хутка надыдзе такі час, калі можна мець на мяжы спэцыяльнае абсталяваньне, з дапамогай якога цягам 30 хвілінаў, проста на месцы, можна выканаць тэст. Так, гэта каштуе грошай, але, можа, сам чалавек быў бы зацікаўлены заплаціць».
З такімі ідэямі гаворка ідзе менавіта пра межы з Расеяй і Беларусьсю, пацьвердзіў Чаплінскас. Ён дадаў, што «калі вельмі пастарацца», абсталяваньне для гэтага можа зьявіцца ў Літве цягам двух месяцаў, хоць «перадусім такой тэхналёгіяй хочуць забясьпечыць Амэрыку».
Летняя сьпёка і каранавірус павялічваюць рызыкі, — мэтэаролягі
Сусьветная мэтэаралягічная арганізацыя (WMO) папярэджвае, што сьпякотнае лета ў спалучэньні з распаўсюджваньнем каранавірусу можа ўяўляць асаблівую рызыку для здароўя людзей.
Як адзначае WMO, грамадзкія прасторы з кандыцыянаваным паветрам, якія звычайна рэкамэндуюцца пры гарачыні, супярэчаць санітарным рэкамэндацыям пры пандэміі каранавірусу.
Афіцыйная прадстаўніца WMO Клэр Нуліс на прэс-канфэрэнцыі ў Жэнэве 26 траўня заявіла, што гэты год «будзе адным з найбольш гарачых у гісторыі мэтэаназіраньняў».
Лічбы на раніцу 27 траўня
- У сьвеце зафіксавалі звыш 5,68 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,725 млн у ЗША, 394,5 тысячы ў Бразыліі, звыш 362 тысяч у Расеі, звыш 283 тысяч у Гішпаніі, звыш 265 тысяч у Вялікай Брытаніі, 230,5 тысячы ў Італіі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 352,2 тысячы чалавек. Зь іх 100 572 у ЗША, 37 048 у Вялікай Брытаніі, 32 955 у Італіі, 28 530 у Францыі, 27 117 у Гішпаніі, 24 593 у Бразыліі.
- Выпісалі 2,43 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 2,9 млн, зь іх 53 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
«З падвышанай тэмпэратурай не пускалі ў частку» — «дэмбелі» расказалі пра каранавірус у войску
«Пра каранавірус ня чуў. Толькі пра пнэўманію. Адзін салдат з нашай роты праляжаў з пнэўманіяй месяц, за ім захварэў камандзір роты — тое самае. І толькі потым у аднаго салдата, са 105 батальёну, прызналі каранавірус і нам пра гэта сказалі. Тады ўвесь той батальён адправілі на палігон у карантын, а ў казарме правялі дэзынфэкцыю», — расказвае Мікіта, які служыў мэханікам рэлейнай сувязі ў 11-й мэханізаванай брыгадзе, што дысьлякуецца ў Слоніме.
Як каранавірус закрануў беларускае войска і як ад яго сьцерагуцца? Ці засталася дзедаўшчына пасьля справы салдата Коржыча? Пра гэта Свабодзе на ўмовах ананімнасьці расказалі тры «дэмбэлі» і салдат тэрміновай службы, які працягвае служыць. Чытайце артыкул па спасылцы >>
Чэхія, Славаччына і Вугоршчына часткова адкрываюць унутраныя межы
Унутраныя межы Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны будуць адкрыты для грамадзян гэтых трох краін, калі яны вернуцца на радзіму на працягу 48 гадзін. У такім выпадку ім ня трэба будзе здаваць тэст на каранавірус і выконваць карантын.
Прага і Братыслава дамовіліся аб аднаўленьні пагранічных зносін у абмежаваным аб’ёме. Адпаведная дамоўленасьць будзе дзейнічаць з серады, 27 траўня. Да Чэхіі і Славаччыны далучылася таксама Вугоршчына.
«Адміністрацыя — на бальнічным, дзеці — у шпіталі». У Гомлі зачынілі дзіцячы прытулак
Гомельскі гарадзкі сацыяльна-пэдагагічны цэнтар — на замку. Па тэлефонах адміністрацыі прытулку за працоўны дзень ніхто не адказаў. «Тут толькі я, вартаўнік. Адміністрацыя на бальнічным, дзеці ўсе ў шпіталі як „кантакты“», — адказаў Свабодзе вартаўнік.
Сваякі дзяцей — сацыяльных сірот расказалі, што ў прытулку ўспышка каранавірусу. Захварэла адна зь дзяўчынак, астатніх сацыяльных сірот забралі ў шпіталь як «кантактаў першага ўзроўню». Пахварэлі і супрацоўнікі — яны цяпер на бальнічным. Цалкам чытайце па спасылцы.
Мінабароны: Усе прызыўнікі праходзяць двухтыднёвую ізаляцыю
Гэтай вясной у сувязі з пандэміяй каранавірусу ўсе прызыўнікі ў войска праходзяць абавязковую двухтыднёвую ізаляцыю, паведаміла Tut.by Міністэрства абароны Беларусі. Навабранцаў ізалююць у тых вайсковых частках, куды іх прызвалі. На працягу гэтых двух тыдняў у раскладзе няма трэніровак. Пры гэтым яны знаходзяцца пад пільным наглядам мэдыкаў.
Цяпер сярод прызыўнікоў, якія ўжо прайшлі або праходзяць ізаляцыю, выпадкаў каранавірусу ня выявілі, заявілі ў Міністэрстве абароны.