Абмяркоўваем найважнейшыя падзеі тыдня ў жывым эфіры а 16 гадзіне паводле менскага часу з расейскім палітолягам Аляксандрам Марозавым і публіцыстам, былым журналістам Радыё Свабода Сяргеем Навумчыкам.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Вашы першыя ўражаньні ад Сяргея Ціханоўскага на волі?
Аляксандар Марозаў: Сам факт вызваленьня мае вялікае значэньне. Прагназаваць нешта ў палітычным разьвіцьці вельмі складана ў такой сытуацыі. Але можна дакладна сказаць адно — Лукашэнка працягвае адчуваць сябе даволі ўпэўнена. Лукашэнка перажыў цяжкую траўму ў 2020 годзе, гэта бясспрэчна. Але пры гэтым застаўся пры ўладзе і за гэтыя 5 гадоў выбудаваў унутры Беларусі шматлікія інструмэнты абмежаваньня грамадзтва, правёў рэформу палітычнай сыстэмы на карысьць захаваньня ўласнага рэжыму. Таму, безумоўна, барацьба з гэтым або спроба перабудаваць гэта і прывесьці сытуацыю да дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі — няпростая задача.
Калі мы слухаем выступленьні палітычных эмігрантаў, то заўсёды трошкі, робім зьніжку на той аптымізм, які яны выказваюць. Думаем: ну што ж, яны павінны так казаць. Але, тым ня менш, я хачу сказаць, што, па-першае, Сяргей Ціханоўскі дэманструе вельмі добрую форму, нягледзячы на такія цяжкія пяць гадоў. Па-другое, важна тое, і я спадзяюся, што гэта застанецца, што Сяргей Ціханоўскі гатовы ўзаемадзейнічаць з тымі, хто ёсьць і адыгрывае важную ролю ў публічным жыцьці беларускай эміграцыі. Зразумела, што трасе і беларускую апазыцыю — нейкія канфлікты і вельмі жорсткая палеміка, але тым ня менш у цэлым вельмі важна, каб захоўвалася ўзаемадзеяньне і, галоўнае, каб не зьнікаў публічны эфэкт.
За пяць гадоў, на маю думку, офіс Ціханоўскай зрабіў важную працу ў эўрапейскіх краінах. Яна не павінна зьнікнуць, гэтая праца павінна працягвацца, бо блізкай пэрспэктывы падзеньня рэжыму няма. Гэта азначае, што трэба падтрымліваць актыўныя міжнародныя сувязі. Калі Сяргей Ціханоўскі будзе цяпер актыўна ўдзельнічаць, любы скажа, што гэта важны пэўны плюс, дадатак да актыўнасьці беларускай апазыцыі за мяжой.
Сяргей Навумчык: Можна толькі захапіцца той энэргіяй, тым аптымізмам, якую Сяргей дэманструе, нягледзячы на пяць вельмі страшных гадоў. Калі я чытаў і слухаў ягоныя інтэрвію, і ня толькі яго, а і Ігара Карней, і іншых, у мяне, былі асацыяцыі з апавяданьнямі Варлама Шаламава. Нават не Салжаніцына, а менавіта Шаламава, бо самую страшную карціну, жудасныя рэаліі сталінскіх турма-лягероў, тых нораваў паказаў Шаламаў.
Важна што Сяргей, па-першае, выйшаў жывым. Хочацца пажадаць, каб яму дапамаглі заняцца здароўем. Зразумела, што ён зараз дыхае паветрам свабоды, яму гэта надае сілы, і ён гатовы разбураць муры. Але ясна, што гэтыя пяць гадоў не маглі бясьсьледна для здароўя прайсьці, і будзем спадзявацца, што будзе ўсё нармальна са здароўем. Пра палітычныя наступствы. Безумоўна, ён мае папулярнасьць і захаваў папулярнасьць у значнай частцы насельніцтва Беларусі, гэта факт. Ён ужо фігура гістарычная, фактычна ён быў каталізатарам працэсаў, якія адбываліся, сымбалем гэтых працэсаў.
Што будзе далей, цяжка сказаць. Мы разумеем, што ён не вярнуўся ў тую краіну, зь якой яго кінулі ў турму на пяць гадоў. Ён фактычна прыехаў у іншую краіну і ў прамым сэнсе, і ў пераносным. Яго прывезьлі, дэпартавалі, выслалі ў Літву. Але ўжо і Беларусь ня тая, ужо няма тых магчымасьцей, якія, былі тады ў 2020-м годзе. Мы памятаем, якія сотні тысяч праглядаў набіралі ягоныя YouTube-канал, стрымы. Мы памятаем гэтыя тысячныя чэргі на Камароўцы, і ня толькі на Камароўцы, там, дзе ён выступаў, дзе зьбіраў подпісы. Зараз гэтага нічога ў Беларусі няма. Зараз усё пад ціскам, пад прэсам, пад страхам. У гэтым сэнсе ягоныя магчымасьці будуць вельмі адрозьнівацца ад таго, што ён меў пяць гадоў назад. Пакуль мы бачым толькі радасьць на ягоным твары, радасьць на твары Сьвятланы, ягоных паплечнікаў. Без усялякай палітыкі, без палітычнага аналізу я скажу, што мне зараз бы хацелася, каб ён быў здаровым, каб ён аднавіў здароўе, якое ў яго безумоўна аднялі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум