Беларусь – Куба: сяброўства засталося, а грошай няма

Аляксандар Лукашэнка і Рауль Кастра (у цэнтры) у Гаване, 25 чэрвеня 2012

Беларуска-кубінскія адносіны грунтаваліся на палітыка-ідэалягічнай плятформе супрацьстаяньня Захаду, найперш ЗША. Сяброўства супраць ворагаў – гэта добра, але да кіраўніцтва Беларусі прыйшло разуменьне, што ў эканамічным сэнсе там няма чаго лавіць. Куба – бедная, ізаляваная краіна. Ёй няма чым плаціць за беларускі экспарт.

Сьцісла:

  • Перамовы з прэзыдэнтам Кубы ў Менску – гэта працяг тэндэнцыі на супрацоўніцтва Беларусі з самымі праблемнымі, беднымі і ізаляванымі краінамі сьвету.
  • Цяперашнія сяброўскія беларуска-кубінскія адносіны працягваюцца з інэрцыі. Даволі прыязныя палітычныя дачыненьні. Але гандаль Беларусі з Кубай мізэрны. Бо той няма чым плаціць.
  • Каб хоць нешта прадаць на Кубу, прыдумляюць розныя схемы. У прыватнасьці, даводзіцца даваць гэтай краіне беларускія крэдыты, якія тая невядома калі верне, калі верне ўвогуле.


У зьвязку з старшынствам Беларусі ў Эўразійскім эканамічным саюзе (ЭАЭС) 26 і 27 чэрвеня ў Менску праводзіцца саміт гэтага аб’яднаньня і Эўразійскі эканамічны форум. З гэтай нагоды беларускую сталіцу наведваюць замежныя госьці, лідэры дзяржаваў – чальцоў ЭАЭС, а таксама кіраўнікі краін, зацікаўленых у эканамічнай супрацы зь дзяржавамі постсавецкай прасторы, найперш з Расеяй.

Некаторыя зь іх наведваньне эўразійскага форуму вырашылі спалучыць з афіцыйнымі візытамі ў Беларусь. Плянаваўся прыезд прэзыдэнта Ірану Масуда Пэзэшкіяна, але ён сарваўся праз вайну. А вось прэзыдэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль Бэрмудэс прыехаў з афіцыйным візытам.

Перамовы з прэзыдэнтам Кубы ў Менску – гэта працяг тэндэнцыі на супрацоўніцтва Беларусі з самымі праблемнымі, беднымі і ізаляванымі краінамі сьвету (М’янма, Лібія, Сырыя, Іран, Паўночная Карэя, Вэнэсуэла, Зымбабвэ і інш.).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: ВУП ЭАЭС складае ўсяго 4% у структуры сусьветнага, трэба падвоіць

Беларуска-кубінскія адносіны пачалі актыўна разьвівацца больш чым два дзясяткі гадоў таму. Яны грунтаваліся на палітыка-ідэалягічнай плятформе, на антыімпэрыялістычнай рыторыцы, на супрацьстаяньні Захаду, найперш ЗША, на сяброўстве краін-ізгояў. У той час была спроба стварыць своеасаблівы антыамэрыканскі інтэрнацыянал з удзелам Кубы, Вэнэсуэлы, Ірану, Беларусі, яшчэ некаторых аўтакратычных дзяржаваў.

Першы раз Аляксандар Лукашэнка наведаў Кубу ў 2000 годзе. На сустрэчы зь Фідэлем Кастра ён не хаваў свайго піетэту, захапленьня. У ягоным уяўленьні з савецкіх часоў захаваўся вобраз легендарнага камандантэ, міты пра «выспу Свабоды» і інш.

Потым Лукашэнка яшчэ два разы наведваў Кубу (у 2006 і 2012 гадах), а пасьля спыніўся. Захапленьне кубінскімі рэвалюцыянэрамі неяк прайшло. Нават на пахаваньне Фідэля Кастра ў 2016 годзе Лукашэнка не паляцеў (а ў пахаваньні прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса ў 2013 годзе ўдзельнічаў). Кубінскі прэзыдэнт Дыяс-Канэль ужо другі раз наведвае Менск (першы раз – у 2019 годзе), а вось Лукашэнка не сьпяшаецца зь візытамі ў адказ.

Чаму такое ахаладжэньне адносін пасьля першапачатковага энтузіязму? Сяброўства супраць ворагаў – гэта добра, але да кіраўніцтва Беларусі прыйшло разуменьне, што ў эканамічным сэнсе там няма чаго лавіць. Куба – бедная, ізаляваная краіна.

Паколькі рэжымы на Кубе і ў Беларусі падобныя, то працэсы ў гэтай краіне дазваляюць праводзіць паралелі зь беларускай сытуацыяй. Цяпер ідзе шмат дыскусій наконт магчымага транзыту ўлады і пэрспэктываў перамен. Дык на Кубе транзыт улады нібыта адбыўся. Браты Кастра адышлі, улада перайшла да новага пакаленьня палітыкаў, цяперашні прэзыдэнт Дыяс-Канэль стаў пераемнікам, аднак ніякіх палітычных зьменаў не адбылося. Гэта тлумачыцца шэрагам прычын, аднак хацеў бы зьвярнуць увагу толькі на адну зь іх.

Рэч у тым, што нядаўні аўтарытарны кіраўнік Рауль Кастра ва ўзросьце 94 гадоў захоўвае статус ганаровага лідэра Кубінскай рэвалюцыі, па-ранейшаму ўплывае на палітычнае жыцьцё краіны, працягвае ўдзельнічаць у сустрэчах з замежнымі дэлегацыямі і высокапастаўленымі гасьцямі. Напрыклад, былы прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка падчас візыту на Кубу летась таксама сустракаўся з Раулем. Таму, выглядае, пераемнік – Дыяс-Канэль – не зусім вольны ў сваіх дзеяньнях, у яго ў значнай ступені зьвязаныя рукі.

А цяперашнія сяброўскія беларуска-кубінскія адносіны працягваюцца з інэрцыі. Даволі прыязныя палітычныя дачыненьні. Краіны падтрымліваюць адна адну ў рамках міжнародных арганізацыяў, асабліва актыўна разам выступаюць супраць заходніх санкцыяў (Куба дзесяцігодзьдзямі знаходзіцца пад жорсткім санкцыйным ціскам ЗША).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто ня ставіў задачу, як абыходзіць санкцыі». Мясьніковіч пра схемы супрацы ў ЭАЭС

Лукашэнка падчас перамоваў з Дыяс-Канэлем сфармуляваў галоўную задачу: «Каб максымальна рэалізаваць патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва, нам неабходна падцягваць нашы гандлёва-эканамічныя сувязі да найвышэйшага ўзроўню палітычных кантактаў». Дарэчы, такая праблема існуе ў адносінах Беларусі зь іншымі краінамі “глябальнага Поўдня”: добрыя палітычныя дачыненьні не падмацоўваюцца значнай эканамічнай супрацай.

Гандаль Беларусі з Кубай мізэрны. Дакладныя лічбы знайсьці цяжка. У 2023 годзе Лукашэнка на перамовах з кубінскай дэлегацыяй заўважыў, што «гэта ж нікуды ня варта, што ў нас гандлёвы абарот трошкі перавышае $10 млн». Цяпер кубінскі прэзыдэнт заўважыў, што «ёсьць сьціплыя зрухі ў гандлёва-эканамічных адносінах».

Прычына такога нізкага ўзроўню гандлёвых дачыненьняў банальная. Кубе элемэнтарна няма чым плаціць за беларускі экспарт. І каб хоць нешта прадаць на Кубу, прыдумляюць розныя схемы. Напрыклад, з выкарыстаньнем лізінгавых інструмэнтаў. Ці за кошт крэдытаў. У прыватнасьці, Банк развіцьця Беларусі заключыў 20 крэдытных пагадненьняў з кубінскімі партнэрамі, прафінансаваўшы экспарт больш як 2,2 тыс. адзінак тэхнікі. То бок, каб Куба магла купіць беларускую прадукцыю, даводзіцца даваць ёй беларускія ж крэдыты, якія тая невядома калі верне, калі верне ўвогуле. Вось такі цяпер бізнэс ладзіць Беларусь.

З канкрэтных праектаў на Кубе пачало працаваць прадпрыемства зборкі трактароў МТЗ, а неўзабаве плянуецца запуск сумеснай вытворчасьці ў галіне біятэхналёгій і фармацэўтыкі. Ня надта вялікі вынік шматгадовага сяброўства.