Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: ВУП ЭАЭС складае ўсяго 4% у структуры сусьветнага, трэба падвоіць


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Эўразійскі эканамічны саюз сёньня разам зь дзяржавамі-партнэрамі — гэта пятая частка насельніцтва сьвету і самае вялікае аб’яднаньне па плошчы, заявіў Аляксандар Лукашэнка на Эўразійскім эканамічным форуме ў Менску.

Яго словы прыводзіць інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

«Наш саюз займае: першае месца ў сьвеце па здабычы нафты; другое — па здабычы газу і вытворчасьці мінэральных угнаеньняў; трэцяе — па вытворчасьці пшаніцы, бульбы, жывёлагадоўчай прадукцыі і па працягласьці чыгунак; чацьвёртае — па здабычы вугалю, вытворчасьці чыгуну і сталі, мяса і па агульнай працягласьці аўтамабільных дарог» — сказаў ён.

«Аднак супакойвацца на дасягнутым ні ў якім разе нельга. Бо пры ўсім гэтым ВУП ЭАЭС складае ўсяго каля 4% у структуры сусьветнага», — паскардзіўся палітык.

«Пра што гэта сьведчыць? Што патэнцыял нашага інтэграцыйнага абʼяднаньня не задзейнічаны ў поўнай меры. І за наступныя 10 гадоў мы павінныя як мінімум падвоіць гэту лічбу, надаўшы новы імпульс інтэграцыі», — заявіў ён.

У Эўразійскі эканамічны саюз уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расея. Паводле інфармацыі на сайце інтэграцыйнага абʼяднаньня, агульная колькасьць насельніцтва гэтых краін складае 185.5 мільёнаў чалавек. Гэта 2,2% насельніцтва сьвету (каля 8,2 млрд).

Дзяржавы — назіральнікі ў ЭАЭС: Малдова, Узбэкістан, Куба. Краіны, зь якімі ў ЭАЭС ёсьць пагадненьні аб свабодным гандлі: Віетнам, Іран, Кітай, Сінгапур, Сэрбія. Краіны, зь якімі вядуцца перамовы аб стварэньні зоны свабоднага гандлю: Егіпет, Індыя, Інданэзія, Ізраіль, Манголія, ААЭ.

У пасяджэньні Эўразійскага эканамічнага форуму ў Менску бяруць удзел кіраўнікі дзяржаваў ЭАЭС: Беларусі — Лукашэнка, Казахстану — Касым-Жамарт Такаеў, Кіргізстану — Садыр Жапараў, Расеі — Уладзімір Пуцін. Прэмʼер Армэніі Нікол Пашыньян удзельнічае ў мерапрыемстве па відэасувязі.

Раней Пашыньян заяўляў, што не прыедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе застаецца Лукашэнка.

Сёньня Лукашэнка заняў прымірэнчую пазыцыю і прапанаваў пашукаць прычыны канфлікту ў абодвух бакоў.

«Вы ведаеце пра пазыцыю, дапусьцім, Армэніі. Ну проста сёньня кіўнуць: „Вось, не прыехалі, такія-сякія...“. Гэта мы можам, гэта мы ўмеем. Але калі нешта адбываецца, не можа быць вінаваты адзін бок. Нам трэба пашукаць прычыны і ў іншым. Чаму Армэнія заняла такую пазыцыю? Мусіць, не ўсё ў нас тут у парадку. Адмахвацца ад гэтага нельга», — сказаў Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG