Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Telegraph: Эўропа будуе на межах зь Беларусьсю і Расеяй новую «жалезную заслону» зь мільёнамі супрацьпяхотных мінаў


Літоўскія памежнікі патрулююць мяжу зь Беларусьсю
Літоўскія памежнікі патрулююць мяжу зь Беларусьсю

Ад Ляпляндыі на поўначы Фінляндыі да Люблінскага ваяводзтва на ўсходзе Польшчы на межах Эўропы неўзабаве паўстане новая «жалезная заслона».

Праз пагрозы Расеі пяць краін — суседзяў РФ умацоўваюць сваю абарону, зьвяртаючыся да сродкаў, якія сьвет спрабаваў назаўсёды забараніць. Пра гэта піша брытанская The Telegraph.

Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва і Польшча абвясьцілі намер выйсьці з Атаўскай канвэнцыі 1997 году, якая забараняе супрацьпяхотныя міны. У канцы чэрвеня ўсе пяць дзяржаваў, як чакаецца, афіцыйна паведамяць ААН аб выхадзе з канвэнцыі, што дасьць ім магчымасьць з канца году вырабляць, назапашваць і ўжываць такія боепрыпасы. Іх межы зь Беларусьсю і Расеяй складаюць агулам 3460 кілямэтраў.

Вайскоўцы ўжо распрацоўваюць пляны, якія ўчасткі лясоў і азёраў будуць замінаваныя, калі Ўладзімір Пуцін засяродзіць свае войскі супраць альянсу.

Урад Літвы мае намер пачаць вытворчасьць мінаў праз 22 гады пасьля падпісаньня Атаўскай канвэнцыі, якую некалі падтрымлівалі ўсе краіны ЭЗ.

Міністарка абароны Давіле Шакалене ў камэнтары для The Telegraph адзначыла, што «незаконная вайна Расеі супраць Украіны, сыстэматычныя парушэньні ёю міжнароднага права і вайсковыя правакацыі на межах Расеі і Беларусі ствараюць экзыстэнцыйную пагрозу».

Яна падкрэсьліла, што Расея ніколі не зьвязвала сябе абавязаньнямі Атаўскай канвэнцыі. Наадварот, пакуль эўрапейскія краіны зьнішчалі свае запасы мінаў, Расея вырабляла іх больш за ўсіх у сьвеце.

«Расея ня ўдзельніца канвэнцыі, і яна працягвае агрэсіўна выкарыстоўваць і назапашваць супрацьпяхотныя міны, ставячы нас у стратэгічна нявыгаднае становішча, — паведаміла міністарка. — У гэтых умовах нашым узброеным сілам неабходныя гнуткасьць і свабода выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для абароны нашага насельніцтва і ўсходняга флянгу NATO».

Шакалене лічыць, што Пуцін можа напасьці на краіны альянсу ўжо праз два-тры гады.

«І NATO, і наша вайсковая выведка ня раз папярэджвалі ад мінулага году, што Расея можа быць гатовая да ўварваньня на тэрыторыю NATO цягам трох-пяці гадоў, прыкладна да 2028–2030 году», — кажа яна.

«І гэты тэрмін можа скараціцца. Калі перамовы аб Ўкраіне скончацца кепска і Расея скарыстаецца перамір’ем, каб аднавіць сілы і ўзмацніць вайскова-прамысловы патэнцыял, магчыма, з дапамогай зьняцьця санкцыяў, гэтая пагроза можа зьявіцца ўжо праз два-тры гады», — лічыць кіраўніца вайсковага ведамства Літвы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG