Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мурал Алеся Пушкіна і вуліца Вітольда Ашурка. Прэзэнтавалі кліп «Сяджу не за сябе»


Пэрсанаж кліпа «Сяджу не за сябе», якога згенераваў штучны інтэлект.
Пэрсанаж кліпа «Сяджу не за сябе», якога згенераваў штучны інтэлект.

У Вільні адбылася прэзэнтацыя кліпа «Сяджу не за сябе». Гэта відэа і музыкальная рэфлексія праваабаронцаў на сытуацыю ў Беларусі, дзе ў вязьніцах знаходзяцца найменш 1168 палітвязьняў.

Прэзэнтацыя кліпа адбылася ў межах «Тыдня супраць катаваньняў», які ладзіць арганізацыя «Прававая ініцыятыва» і Міжнародны камітэт расьсьледаваньняў катаваньняў у Беларусі. Мерапрыемствы тыдня праходзяць ня толькі ў Вільні і Варшаве, але і на анлайн-пляцоўках партнэрскіх арганізацый.

Сцэнар для кліпа «Сяджу не за сябе» напісала праваабаронца Аляксандра. Дзяўчына кажа, што гэта яе першы досьвед як сцэнарысткі. «Па ходу працы шмат што давялося перарабляць, але вынікам задаволеная», — прызнаецца Аляксандра з «Прававой ініцыятывы».

«Хацелася распавесьці пра катаваньні, пра боль, жахі і невыносныя умовы ў беларускіх вязьніцах, але пры гэтым было разуменьне, што людзі стаміліся ад гэтай тэмы, таму мы шукалі новыя формы. Прыдумалі, што зробім відэакліп. Пра турму, пра палітвязьня, які ўрэшце выходзіць. Але мы паспрабавалі не згубіць надзеі і наш умоўны палітвязень ня проста выходзіць на волю, а ідзе да ракі, ідзе па вуліцах з новымі назвамі — Вітольда Ашурка і Тарайкоўскага, да муралу Алеся Пушкіна. Гэта такія „пасланьні ў будучыню“. Іх некалькі, і цяпер нам цікава, колькі зь іх убачаць першыя гледачы», — Аляксандра падзялілася перажываньнямі напярэдадні прэзэнтацыі кліпу.

Паводле дзяўчыны, да працы над кліпам каманда праваабаронцаў далучыла штучны інтэлект, з дапамогай якога зьявіўся адзін вельмі знакавы ў тэме рэпрэсій пэрсанаж.

Тэкст верша да кліпа «Сяджу не за сябе» напісаў праваабаронца «Прававой ініцыятывы» Сяргей Усьцінаў. Беларускія актывісты, палітыкі і журналісты ведаюць Сяргея Ўсьцінава як дасьледчыка злачынстваў рэжыму, што адбываліся ў беларускіх вязьніцах яшчэ з 2010 году. Аказалася, Сяргей таксама піша вершы.

«Да гэтага пісаў у стол, такі верш адмыслова для відэакліпа — мой першы. Стыль прыдумалі калектыўна, абралі турэмны шансон, а што яшчэ лепш бы падышло пра вязьніцы? Музыка з творчасьці груп „Бутырка“ і „Разьбітае сэрца пацана“. Вакал я запісаў таксама ўпершыню. Мне было вельмі цікава працаваць, а як атрымалася — меркаваць іншым», — кажа праваабаронца Сяргей Усьцінаў.

Праваабаронца з "Прававой ініцыятывы" Сяргей Усьцінаў.
Праваабаронца з "Прававой ініцыятывы" Сяргей Усьцінаў.

У момант нашай размовы на процілеглай сьцяне пакою зьмяняюцца кадры: турэмная камэра, акенца «кармушкі», краты, міліцыянт дубінкай прымушае вязьня стаць уздоўж абшарпанай турэмнай сьцяны. Пытаюся ў Аляксандры, дзе здымаліся такія натуральныя віды?

«Гэтыя кадры запісвалі ў Вільні, у былым будынку КДБ, дзе цяпер музэй „Акупацыі і барацьбы за свабоду“. Дзякуй дырэкцыі музэю за магчымасьць бясплатных здымкаў. А ўвогуле калі і былі грашовыя страты, дык пакрылі за свой кошт. Асноўная праца — на валянтэрскіх пачатках, за што ўсім, хто дапамагаў, вялікі дзякуй!», — сказала Аляксандра.

Кадар кліпа "Сяджу не за сябе".
Кадар кліпа "Сяджу не за сябе".

Прэзэнтацыя кліпа «Сяджу не за сябе» адбылася ў віленскай краме беларускіх сувэніраў «Кропка» па адрасе Savičiaus g. 6. Гаспадар крамы, былы палітвязень Зьміцер Фурманаў ацаніў кліп на выдатна: «Карцінка, гук, музыка і закладзеныя сэнсы — што трэба!»

Кампанія «Тыдзень супраць катаваньняў» закончыцца анлайн-паказам мона-спэктаклю актора Свабоднага тэатру Паўла Гарадзіцкага «Пасьлязаўтра будзе заўтра». Спэктакль заснаваны на рэальнай гісторыі палітвязьняў.

Паглядзець кліп «Сяджу не за сябе» можна тут.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG