Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульня бяз правілаў. Куды рухаецца Эўразійскі саюз?


Уладзімір Пуцін наперадзе расейскай дэлегацыі ў Палацы незалежнасьці ў Менску, 27 чэрвеня 2025
Уладзімір Пуцін наперадзе расейскай дэлегацыі ў Палацы незалежнасьці ў Менску, 27 чэрвеня 2025

Лягічна было б, каб да журналістаў выйшлі прэзыдэнты ўсіх краін-чальцоў Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС), дзеля падвядзеньня вынікаў саміту. А калі ўжо эканомілі час, то, паводле пратаколу і палітэсу, падвесьці высновы павінен быў бы гаспадар саміту, які цяпер старшынюе ў саюзе. То бок Лукашэнка. Але не. Пуцін усіх адхіліў, і правёў сваю асобную прэсавую канфэрэнцыю. У беларускім Палацы незалежнасьці ён павёў сябе як паўнаўладны гаспадар.

Сьцісла:

  • Валавы ўнутраны прадукт ЭАЭС складае ўсяго каля 4% у структуры сусьветнага. Гэта прыкладна роўна валавому ўнутранаму прадукту аднаго штату ЗША — Каліфорніі.
  • Лукашэнка заявіў аб салідарнасьці з Іранам і аб асуджэньні ўдараў па іранскіх ядзерных аб’ектах. Гульня афіцыйнага Менску ў нэўтралітэт з нагоды вайны Ізраіля і Ірана скончылася
  • Паказальна, што Пуцін правёў аднаасобную прэсавую канфэрэнцыю ў рэзыдэнцыі Лукашэнкі і без прысутнасьці апошняга.
  • Не адбылося двухбаковых перамоваў Лукашэнкі з Пуціным і іншымі прэзыдэнтамі краін-чальцоў ЭАЭС.


Сёлета Беларусь старшынюе ў Эўразійскім эканамічным саюзе (ЭАЭС). Паводле статуту гэтай арганізацыі, не радзей, чым раз на год павінны праводзіцца саміты, то бок паседжаньні найвышэйшага органу аб’яднаньня. Ён мае назву Вышэйшы Эўразійскі эканамічны савет. Апошнія чатыры гады разам з самітам ЭАЭС праводзіцца Эўразійскі эканамічны форум — гэта такое пампэзнае мерапрыемства, дзе зьбіраецца мноства чыноўнікаў з краін-чальцоў саюза, якія шмат разважаюць пра карыснасьць згаданага аб’яднаньня. І ўсе гэтыя мерапрыемствы праводзяцца ў сталіцы той краіны, якая старшынюе ў гэты момант. Цяпер усе гэтыя падзеі адбываюцца ў Менску.

Паводле традыцыі, такія форумы праходзяць як урачыста-сьвяточныя мерапрыемствы, на якіх прынята гаварыць толькі добрае, ганарыцца посьпехамі, казаць, якія мы крутыя і інш. І зусім трошкі ўзгадаць пра праблемы. І выказаць прапановы, кшталту таго, што варта было б яшчэ пашырыць, паглыбіць, павысіць і палепшыць эканамічную інтэграцыю.

Так было і гэтым разам. У выступе Аляксандра Лукашэнкі, як гаспадара форуму, які не забыў нагадаць, што ён тут «самы дасьведчаны» сярод лідэраў, шмат казалася пра посьпехі, але былі невялікія згадкі пра праблемы ЭАЭС. Маўляў, «нельга ператварыць наш саюз у пляцоўку для пустых гутарак». Заўвага вельмі знакавая.

Разважаючы пра вялізны патэнцыял і грандыёзныя пэрспэктывы ЭАЭС, Лукашэнка мімаходзь нагадаў, што «валавы ўнутраны прадукт нашага саюза складае ўсяго каля 4% у структуры сусьветнага». Гэта прыкладна роўна валавому ўнутранаму прадукту аднаго штату ЗША — Каліфорніі. Таксама Лукашэнка прызнаў, што 18 найважнейшых паказчыкаў стратэгіі разьвіцьця ЭАЭС да 2025 году не выканана.

Але асноўны патас выступу Лукашэнкі быў скіраваны на палітычныя чыньнікі. Ён заклікаў лідэраў краін-чальцоў ЭАЭС шчыльней аб’ядноўвацца, не хістацца ў розныя бакі: «Калі хтосьці з постсавецкай прасторы (гэта тычыцца эканомікі) з нас думае, што можна недзе праскочыць асобна, нейкую выгаду займець сёньня, — памыляецца... І ні ў якім разе не глядзець па баках. Ніхто нас нідзе не чакае». Гэтае папярэджаньне вельмі важнае. Яно сьведчыць пра тое, што некаторыя краіны-чальцы ня надта вераць у пэрспэктывы ЭАЭС, і шукаюць больш моцных і багатых партнэраў па-за межамі гэтага саюзу.

І адсутнасьць на саміце прэм’ер-міністра Армэнні Нікола Пашыньяна таксама вельмі паказальная. Калі адзін з чальцоў аб’яднаньня фактычна байкатуе паседжаньне на найвышэйшым узроўні, то гэта шмат што кажа пра трываласьць і эфэктыўнасьць згаданага саюзу.

На другі дзень, ужо падчас саміту ЭАЭС Лукашэнка з асаблівым імпэтам стаў разважаць пра геапалітыку. Гэта яму больш цікава, чым эканоміка. Ён пнуў Захад, які, паводле ягоных словаў навязвае «дэструктыўны парадак дня». Заявіў, што ЭАЭС можа стаць ядром інтэграцыі ўсяго «Глябальнага Поўдня і Усходу». І таксама заявіў аб салідарнасьці з Іранам і асуджэньні ўдараў па іранскіх ядзерных абʼектах. Гульня ў нэўтралітэт скончылася, Менск заняў сваю сёньняшнюю натуральную геапалітычную нішу.

Аднак самае цікавае здарылася пасьля саміту. Як Лукашэнка не імкнуўся, выкарыстоўваючы статус гаспадара эўразійскага форуму і саміту ЭАЭС, граць першую скрыпку, давесьці гэтую лінію да канца не ўдалося. Напрыканцы Ўладзімір Пуцін паказаў, хто ў хаце гаспадар. Наўпрост у Палацы незалежнасьці ён правёў прэсавую канфэрэнцыю нібыта па выніках саміту. Але казаў там пра свае справы, вонкавую палітыку Расеі, адносіны РФ з Захадам, ЗША, Украінай.

То бок лягічна было б, каб да журналістаў выйшлі прэзыдэнты ўсіх краін-чальцоў ЭАЭС для падвядзеньня вынікаў саміту. А калі ўжо эканомілі час, то зноў жа паводле пратаколу і палітэсу, падвесьці высновы павінен быў бы гаспадар саміту, які цяпер старшынюе ў саюзе. То бок Лукашэнка. Але не. Пуцін усіх адхіліў, і ў беларускім Палацы незалежнасьці павёў сябе як паўнаўладны гаспадар. Ён правёў у рэзыдэнцыі Лукашэнка прэсавую канфэрэнцыю нават без прысутнасьці апошняга. І гэты сюжэт вельмі паказальны.

Цікава, што напярэдадні саміту міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў казаў, што ў ЭАЭС, у адрозьненьні ад Эўразьвязу больш справядлівасьці, раўнапраўя. Пуцін яго трохі паправіў.

24 чэрвеня адбыліся тэлефонныя перамовы Лукашэнкі і Пуціна. Паводле інфармацыі абодвух бакоў, «больш падрабязна абмеркаваць усе актуальныя пытаньні... дамовіліся пры сустрэчы ўжо ў найбліжэйшы час у Менску». Аднак двухбаковых перамоваў у беларускай сталіцы не адбылося. Пуцін на палях саміту сустрэўся з эмірацкім шэйхам, з прэзыдэнтам Узбэкістану Шаўкатам Мірзіёевым. А для гаспадара саміту часу не знайшоў.

Увогуле Лукашэнка не правёў двухбаковых перамоваў ні з кім з прэзыдэнтаў краін-чальцоў ЭАЭС. Што дзіўна. Звычайна гаспадар форуму ладзіць сустрэчы з кіраўнікамі хоць бы фармальна, паводле пратаколу. А тут усе правілы адрынулі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG