Зьявіліся новаўвядзеньні для тых, хто плянуе атрымаць польскую візу. Пры рэгістрацыі на сайце візавага цэнтру ўвялі абноўленую сыстэму вэрыфікацыі, піша партал «Зеркало».
Партал спасылаецца на паведамленьне TikTok-акаўнту «Нашы ў Польшчы». Журналісты таксама пагутарылі з экспэрткай Анастасіяй Лысакоўскай, якая інфармацыю пра зьмены пацьвердзіла.
Па словах Анастасіі Лысакоўскай, з 26 чэрвеня пры рэгістрацыі на сайце VFS стала неабходна загружаць ня толькі фатаграфію асобы і разварот дакумэнту, але і здымак яго вокладкі. Акрамя таго, сыстэма будзе фіксаваць колькасьць уваходаў у асабісты кабінэт. Калі за непрацяглы час чалавек зробіць запар пяць спроб аўтарызацыі, яго профіль заблякуюць на некалькі гадзін. Гэта, паводле візавай экспэрткі, можа стаць адной зь перашкод, каб злавіць «акенца».
«Навошта рабіць фота вокладкі, ня ведаю, бо зьняць можна любую. Магчыма, пры вэрыфікацыі ня будуць прымаць пацёртую галоўную старонку. А вось тое, што колькасьць заходаў у асабісты кабінэт сталі часова абмяжоўваць, — гэта для мяне відавочны мінус. Напрыклад, чалавек ня ведае, ці зьявіліся даты на падачу, і заходзіць у сыстэму праверыць. Або запіс анансавалі, карыстальнік зайшоў, а раздачу затрымліваюць. У кожным з гэтых выпадкаў мы трацім спробу, не атрымліваючы вынік, — кажа Анастасія Лысакоўская. — Да таго ж з прычыны памылак у працы сайт можа проста „выкідваць“ з кабінэту. На маім вопыце, часта, каб запісацца, трэба ўвайсьці ў яго ня раз і ня два».
На думку экспэрткі, прычына новаўвядзеньняў — барацьба з пасярэднікамі.
«Аднак новыя абмежаваньні ўскладняюць працэс рэгістрацыі ня толькі для агентаў, але і для звычайных заяўнікаў, — кажа Анастасія. — Пры гэтым колькасьць даступных месцаў на запіс большаю ня робіцца. Асноўная нагрузка па-ранейшаму прыпадае на Менскую консульскую акругу, дзе запісацца вельмі складана — тэрміны чаканьня ўжо дасягаюць году».
Лысакоўская таксама адзначыла, што ў пятніцу, 27 чэрвеня, калі раздавалі месцы для рэгістрацыі ў Горадзенскай консульскай акрузе, слоты падзялілі па часе для візаў на розныя мэты. Спачатку ішоў запіс на турыстычны шэнген, потым на працоўныя візы, затым — на астатнія, напрыклад, гасьцявыя.
Форум