Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятрас Аўштравічус: для паляпшэньня адносін з рэжымам Лукашэнкі ёсьць тры ўмовы


Сустрэча Сяргея Ціханоўскага зь беларусамі Вільні, 28 чэрвеня 2025 году.
Сустрэча Сяргея Ціханоўскага зь беларусамі Вільні, 28 чэрвеня 2025 году.

На сустрэчы Сяргея Ціханоўскага зь беларусамі ў Вільні 28 красавіка прысутнічаў дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Пятрас Аўштравічус. Ён адказаў на некалькі пытаньняў Радыё Свабода.

Паводле Пятраса Аўштравічуса, вызваленьне Сяргея Ціханоўскага — гэта толькі адзін крок.

«Я жадаю яму ўсяго найлепшага, але за кратамі 1300, а можа і болей [палітвязьняў]. Таму ня трэба пра гэта забываць, гэта вельмі важна, гэтую тэму нельга перамясьціць на трэцяе ці чацьвёртае месца», — сказаў Аўштравічус.

Літоўскі палітык адкінуў магчымасьць паляпшэньня дачыненьняў з афіцыйным Менскам толькі на падставе вызваленьня некалькіх палітвязьняў:

«Вядома, ня трэба ісьці на ніякія непатрэбныя кампрамісы. Я ня ведаю, з чым тут былі зьвязаныя гэтыя візыты ў Менску, але калі гэта пойдзе на куплю-продаж — на гандаль людзьмі... Мы ведаем, што рэжым Лукашэнкі адных выпускае, іншых бярэ. Таму мы не павінны паддавацца ілюзіям, што нешта зьменіцца. Ён ужо ня зьменіцца. Толькі зьмяніўшы гэты рэжым можна спадзявацца на нейкую ясную эўрапейскую будучыню для Беларусі. І пра гэта мы будзем гаварыць. Гэта штодзённая праца і штодзённы клопат усіх, хто бярэ ў гэтым удзел. Таму я тут».

Пятрас Аўштравічус
Пятрас Аўштравічус

Выпусьціўшы Сяргея Ціханоўскага, Лукашэнка выпусьціў аднаго з галоўных сваіх апанэнтаў і аднаго з тых, хто стаяў ля вытокаў падзеяў 2020 году ў Беларусі. Чаму гэта здарылася? Пятрас Аўштравічус адказвае наступным чынам:

«Ён гулец, ён умее гуляць, умее ствараць пэўныя сытуацыі. Гэта, відаць, было зьвязана зь візытам Келага, каб паказаць сваё больш гуманітарнае аблічча. Але гэта толькі прыкрыцьцё. Ён ведае, што выпусьціўшы Сяргея Ціханоўскага і не пускаючы яго ў Беларусь, ён як бы аддаляе яго ад Беларусі. Каналы камунікацыі перакрытыя, зносіны зь людзьмі мець вельмі складана. Я думаю, што гэта гульня з мэтамі, пра якія ведае толькі сам Лукашэнка».

На пытаньне Свабоды, ці магчыма аслабленьне ці адмена санкцыі адносна беларускіх калійных угнаеньняў і аднаўленьне іх транзыту празь Літву, Пятрас Аштравічус адказаў:

«Я асабіста ня бачу ніякіх для гэтага прычын. Павінны быць выкананыя тры ўмовы. Па-першае, рэжым Лукашэнкі павінен адмовіцца ад любых плянаў вайны супраць Украіны, у тым ліку, і ад прысутнасьці расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі. Па-другое, вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў, усіх без выключэньня. І па-трэцяе, што важна для Літвы, гэта адмова ад спробаў выкарыстаць міграцыйны ціск, нелегальную іміграцыю. Тады можна пра нешта размаўляць. Цяпер жа, робячы такія маленькія крокі, і думаючы, што нешта зьменіцца і пусьцяць калій... Я сам стану на дарогу і не пушчу той калій».



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG