Дамаўляцца альбо ціснуць — у аналізе палітычнага аглядальніка Свабоды Юрыя Дракахруста.
Сьцісла
- Сьвятлана Ціханоўская выказалася за працяг санкцыйнага ціску на Лукашэнку і супраць «падлашчваньня» да яго.
- Валер Кавалеўскі заявіў, што «падлашчваньне» да Лукашэнкі, гэта значыць, дыпляматыя, прывялі да вызваленьня 300 палітвязьняў.
- Палітыка адносна Беларусі ЗША і Эўразьвязу стала істотна адрозьнівацца.
- Дыскусія ў дэмакратычных сілах Беларусі набывае рысы выбару паміж Вашынгтонам і Брусэлем.
Завочная спрэчка Кавалеўскага зь Ціханоўскай
Ціханоўская ў інтэрвію парталу «Люстэрка» выказалася ў падтрымку палітыкі ціску на рэжым Лукашэнкі, якую праводзіў і праводзіць Эўразьвяз.
«На працягу пяці гадоў Эўразьвяз цісьне дастаткова моцна на рэжым Лукашэнкі. Ёсьць нават прыхільнікі перамен, якія хацелі б, каб гэтага ціску было менш.
У іх няма ніводнай прычыны аслабляць санкцыі альбо ісьці на перамовы з Лукашэнкам, таму што рэпрэсіі працягваюцца, людзей працягваюць саджаць. Мы ўсе памятаем, што Лукашэнка ўцягнуў нашу краіну ў вайну. І Лукашэнку за гэта трэба прыцягваць да адказнасьці, а не падлашчвацца да яго».
Кавалеўскі адказаў на гэтую заяву Ціханоўскай у сваім ФБ:
«Менавіта «падлашчваньні» амэрыканцаў да Лукашэнкі, вядомыя ўсім як дыпляматычныя перамовы Вашынгтона зь Менскам з мэтай вызваленьня палітычных зьняволеных, прывялі да таго, што Сяргей Ціханоўскі на волі.
Атрымліваецца, Сьвятлана дзякуе ЗША і адначасова крытыкуе за адно тое ж дзеяньне. У такой дваістасьці ёсьць імя і не адно.
Чытаючы апошнія заявы пары Ціханоўскіх, ствараецца ўражаньне, што яны не разумеюць крохкасьці і складанасьці трэку гуманітарнай дыпляматыі, які прывёў да вызваленьня больш за 300 палітвязьняў».
На прэсавай канфэрэнцыі пасьля свайго вызваленьня Сяргей Ціханоўскі заявіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп можа адным словам дамагчыся вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі.
Выступаючы 26 чэрвеня на мітынгу ў Варшаве былы палітвязень патлумачыў, якім можа быць гэтае чароўнае слова Трампа: «Пра тое, што трэба рабіць, я ўжо сказаў прэзыдэнту Дуду, пану Сікорскаму. Я скажу тут кожнаму прэмʼеру і прэзыдэнту ў Эўразьвязе, ЗША, Канадзе і іншых краінах: падрыхтуйце новы, магутны пакет санкцыяў супраць дыктатара Лукашэнкі. Ня ўводзьце іх, прынясіце яму, пакладзіце на стол і скажыце: калі гэтыя палітвязьні ня выйдуць, то мы іх увядзём. Навошта табе гэтая тысяча чалавек, калі ты ўжо выпусьціў трыста?».
Іншымі словамі, на думку Ціханоўскага ключ да вызваленьня ўсіх палітвязьняў – пагроза яшчэ большым санкцыйным ціскам. Напэўна гэтую заяву Ціханоўскага і меў на ўвазе Кавалеўскі, калі скіраваў сваю крытыку і на Сьвятлану і на Сяргея.
Як ЗША і Эўразьвяз бачаць беларускую праблему
Завочную спрэчку паміж Ціханоўскімі і Кавалеўскім абвастрае яшчэ й тое, што існуе розьніца ў падыходах да беларускага пытаньня паміж Злучанымі Штатамі і Эўразьвязам.
З пачатку году Эўразьвяз прыняў два пакеты новых санкцыяў адносна Беларусі, цяпер разглядаецца яшчэ адзін. Хаця ў чэрвені сёлета прэзыдэнт Трамп працягнуў дзеяньне папярэдніх санкцыяў адносіна Беларусі, але новых амэрыканскіх санкцыяў сёлета не прымалі.
Вашынгтон накіраваў у Менск пасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага, які правёў шматгадзінныя перамовы з Лукашэнкам. Апошняя група палітвязьняў, у тым ліку і Сяргей Ціханоўскі, была вызваленая адразу пасьля гэтых перамоваў.
Можна называць гэты крок Вашынгтону «падлашчваньнем», можна не называць, але варта адзначыць, што Эўразьвяз сваіх эмісараў на перамовы з Лукашэнкам не накіроўвае.
Пасьля выбараў у Беларусі ў студзені краіны Эўразьвязу выступілі з асуджэньнем гэтага мерапрыемствамі і заявамі аб непрызнаньні Лукашэнкі. Новая адміністрацыі ЗША ад падобных заяваў устрымалася.
У лютым сёлета The New York Times апублікавала артыкул, паводле якога адміністрацыя Трампа рыхтуе зьдзелку з Лукашэнкам – аслабленьне ці скасаваньне санкцыяў у абмен на вызваленьне палітвязьняў. Публікацыя газэты – не афіцыйная пазыцыя дзяржавы, але далейшыя крокі Вашынгтону прынамсі не супярэчылі вэрсіі аб магчымай наяўнасьці такога пляну.
Так што палітыка Белага дому і Эўразьвязу адносна Беларусі істотна адрозьніваюцца.
Выказваецца думка, што вызваленьне палітвязьняў – вынік як раз санкцыйнай палітыкі. У гэтай тэзе ёсьць рацыя – калі б санкцыяў не было, то магчыма Лукашэнку і не прыходзіла б у галаву некага вызваляць. Але санкцыі дзейнічаюць ужо працяглы час, найбольш істотныя зь іх – з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай, гэта значыць, ужо больш за тры гады.
Але дазаваныя вызваленьні пачаліся толькі зь лета мінулага году і суправаджаліся працягам рэпрэсіяў і новымі зьняволеньнямі, пра што нагадала Ціханоўская.
Гэтыя вызваленьні – сыгналы аб гатоўнасьці да ўгоды, а не капітуляцыя пад ціскам санкцыяў. Вызваленьне Ціханоўскага – аднаго з самых вядомых палітвязьняў – адказ на крокі насустрач з боку Вашынгтону.
Пакуль няма прыкметаў таго, каб Эўразьвяз набліжаўся да амэрыканскай пазыцыі ў беларускім пытаньні. І выглядае, што дыскусія ў дэмакратычных сілах Беларусі набывае рысы выбару паміж цэнтрамі прыняцьця рашэньняў на Захадзе – паміж Вашынгтонам і Брусэлем.
Для таго, каб спрагназаваць эвалюцыю пазыцыяў гэтых цэнтраў, варта прывесьці зьвесткі аб дынаміцы гандлю Беларусі з Эўразьвязам і ЗША.
Гандаль і санкцыі: што лічбы кажуць пра эфэктыўнасьць палітычнага ціску
Параўнаньне — з 2019 годам — дакавідным і дапратэстным. І тады ўзаемны гандаль Беларусі з ЗША быў ня надта вялікім — паўмільярда даляраў.
Але ў апошнія гады ў параўнаньні з канцом дзясятых гадоў ён абрынуўся ў 10 разоў. Леташні абарот у 30 мільёнаў даляраў – гэта практычна нуль.
Гэты графік – дэманстрацыя таго, што сродкі эканамічнага ўзьдзеяньня ЗША на Беларусь ужо амаль вычарпаныя. Ціханоўскі на мітынгу ў Варшаве казаў пра магутны пакет санкцыяў, якім Захад, у тым ліку і ЗША, мусяць прыгразіць Лукашэнку, каб той вызваліў усіх палітвязьняў. Але калі зьніжэньне ўзаемнага гандлю ў 10 разоў прывяло да вызваленьня толькі 300 палітвязьняў, то як «сакрушальнае» скарачэньне мізэрнай рэшты ў 30 мільёнаў даляраў можа паўплываць хоць на што, тым больш на вызваленьне ўсіх палітвязьняў?
Зразумела, у ЗША ёсьць іншыя інструмэнты ўзьдзеяньня – другасныя санкцыі на іншых гандлёвых партнэраў Беларусі. Але ці палічаць у Вашынгтоне мэту вызваленьня беларускіх палітвязьняў вартай ужываньня гэтага інструмэнту? Не лічылі пры папярэдніку Трампа ў Белым доме. Чаму палічаць пры Трампе, у якога вызваленьне палітвязьняў дзе б то ні было – не сярод найвышэйшых прыярытэтаў?
Гэта можа быць прыярытэтам для беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. ЗША, асабліва пры Трампе, ставяць перад сабой геапалітычныя мэты. Вызваленьне беларускіх палітвязьняў можа быць часткай зьдзелкі па дасягненьні гэтых мэтаў, але ніяк не самастойнай мэтай, вартай вялікіх высілкаў.
Дынаміку гандлю Беларусі з ЗША варта параўнаць з гандлем Беларусі з Эўразьвязам.
На гэтым графіку найбольшае ўражаньне робіць імпарт тавараў у Беларусь з ЭЗ.
Нягледзячы на 17 пакетаў санкцыяў ён практычна не зьмяніўся з 2019 году. Пазалетась ён нават заўважна павысіўся, а летась склаў прыкладна столькі ж, колькі складаў у дасанкцыйным 2019 годзе.
І ўсе размовы пра неабходнасьць ціску на рэжым Лукашэнкі на гэты складнік узаемнага гандлю не паўплывалі проста ніяк. Гледзячы па ўсім, экспарт сваіх тавараў у Беларусь ЭЗ разглядаў і разглядае як адпаведны яго інтарэсам, як тое, чым можна ахвяраваць толькі сабе на шкоду.
Прычым цікава, што сярод рэкардсмэнаў-экспартэраў у Беларусь - Польшча і Літва, чыя палітыка адносна Беларусі вызначаецца хіба не найбольшай жорсткасьцью.
Але на пастаўкі тавараў у Беларусь гэтая жорсткасьць не распаўсюджваецца.
Беларускі экспарт у краіны ЭЗ за 6 гадоў зьнізіўся прыкладна ўтрая. Для параўнаньня: у ЗША за той жа пэрыяд – у 19 разоў.
Леташні экспарт Беларусь у ЭЗ на 1,3 мільярда эўра значна большы, чым беларускі экспарт у ЗША на 20 мільёнаў даляраў. Аднак экспарт Беларусі ва ўсе краіны сьвету склаў летась больш за 40 мільярдаў даляраў.
Напэўна, Эўразьвяз мог бы ўзмацніць санкцыі, каб беларускі экспарт у Эўропу зьменшыўся яшчэ больш. Але ці дапускаюць інтарэсы Эўропы далейшае яго скарачэньне? Ці лічыць Эўропа, што вызваленьне ўсіх беларускіх палітвязьняў вартае такіх высілкаў? Ну і пытаньне – ці прымусіць Лукашэнку вызваліць усіх палітвязьняў далейшае скарачэньне экспарту Беларусі ў ЭЗ, калі папярэдняе скарачэньне ў 3 разы яго да гэтага не прымусіла?
Напэўна, арытмэтычнага адказу на гэтыя пытаньні няма. Ёсьць палітычныя. Ёсьць палітычная лінія Вашынгтону, ёсьць Брусэлю, і ёсьць плыні ў дэмакратычных сілах Беларусі, якія робяць выбар паміж гэтымі падыходамі.
Форум